The Economist: Зяленскі пачаў падрыхтоўку да выбараў
8- 30.03.2025, 17:50
- 10,162

Выбары нібыта пройдуць летам.
Ва Украіне цяпер вядзецца сур'ёзная падрыхтоўка да таго, каб Уладзімір Зяленскі змог балатавацца на другі прэзідэнцкі тэрмін, піша The Economist са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Пасля сваркі паміж Зяленскім і амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам у Белым доме вынікі новага апытання, праведзенага кампаніяй Ipsos на замову The Economist, паказалі, што ўкраінскі лідар карыстаецца пераважнай падтрымкай. Больш за сем з дзесяці украінцаў цяпер ухваляюць працу Зяленскага, а восем з дзесяці ўважаюць яго за законнага прэзідэнта краіны і адпрэчваюць ідэю выбараў падчас ваеннага становішча. Больш за тое, паводле апытання, Зяленскі перамог бы на выбарах, калі б яны праводзіліся сёння, а былы галоўны камандзір украінскіх войскаў Валерый Залужны заняў бы другое месца з вялікім адрывам.
Паводле словаў суразмоўцаў, на мінулым тыдні ўкраінскі прэзідэнт склікаў нараду, каб даручыць сваёй камандзе арганізацыю выбараў пасля поўнага спынення агню. Як паведамляў Bloomberg тыдзень таму, ЗША да гэтага часу спадзяюцца дасягнуць перамір'я да 20 красавіка – у гэты дзень і праваслаўныя, і каталіцкія хрысціяне святкуюць Вялікдзень. У лютым Зяленскі падоўжыў тэрміны ваеннага становішча і ўсеагульнай мабілізацыі яшчэ на 90 дзён – да 9 траўня. Закон аб ваенным становішчы забараняе правядзенне выбараў.
Крыніцы разышліся ў меркаваннях наконт тэрмінаў пачатку выбараў, але большасць згодныя з тым, што Зяленскі нацэліўся на лета. Закон патрабуе не менш за 60 дзён для правядзення кампаніі, таму самае ранняе, калі могуць прайсці выбары, – пачатак ліпеня. Аднак некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што кампанія павінна будзе доўжыцца тры месяцы: менавіта столькі часу неабходна для аднаўлення спісаў выбарнікаў.
На думку аднаго з чыноўнікаў, Зяленскі паспрабуе заспець спаборнікаў знянацку, правёўшы выбары ў ліпені, і спадзяецца, што сціснутыя тэрміны дазволяць яму балатавацца без супраціву.
У лютым украінскі лідар падкрэсліў, што выбары пройдуць пасля скасавання ваеннага становішча. Ён таксама выказаў гатоўнасць падаць у адстаўку, калі гэта спатрэбіцца для наступлення міру ў краіне або ўступлення ў NATO.