Навукоўцы расказалі, як грошы ўплываюць на шлюб
2- 14.04.2025, 10:10
- 4,132

Не ў грошах шчасце?
Міжнародная група навукоўцаў выявіла, што пары, якія празмеру сканцэнтраваныя на грошах, горш камунікуюць аб фінансавых пытаннях і агулам адчуваюць меншае задавальненне ад шлюбу. З іншага боку, муж і жонка, якія падзяляюць падобныя фінансавыя ўстаноўкі - так званыя “грашовыя сцэнары”, - лепш узаемадзейнічаюць пры абмеркаванні фінансавых пытанняў, што можа станоўча ўплываць на іх стасункі. Праца апублікаваная ў часопісе Journal of Social and Personal Relationships (JSPR).
У даследаванні прынялі ўдзел 1 153 шлюбныя пары з ЗША, якія знаходзяцца ў шлюбе ў сярэднім блізу васьмі гадоў. Ацэньваліся чатыры тыпы грашовых сцэнарыяў: пазбяганне грошай, культ грошай, асацыяцыя грошай са статусам і імкненне да фінансавай канфідэнцыйнасці. Асаблівую ўвагу звярнулі на сябе пары з высокімі паказчыкамі паводле сцэнару “культ грошай” - такія муж і жонка часцей адчувалі цяжкасці ў абмеркаванні фінансаў і былі менш задаволеныя сваім шлюбам.
"Людзі, якія вераць, што грошы прыносяць шчасце, схільныя да матэрыялізму і хранічнай незадаволенасці", – адзначыла аўтарка даследавання Эшлі Лебэрон-Блэк. - "Гэта перашкаджае канструктыўнаму дыялогу і падрывае гармонію ў стасунках".
Аднак ключавым чыннікам была не столькі наяўнасць або адсутнасць канкрэтнага сцэнарыя, колькі падабенства паміж партнёрамі. Пары, чые ўстаноўкі супадалі агулам, нават калі не ў кожным пункце, лягчэй знаходзілі агульную мову ў фінансавых пытаннях. Гэта, у сваю чаргу, умацоўвала іх стасункі.
Даследаванне не выявіла значных адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі ў тым, як грашовыя сцэнары ўплываюць на стасункі і задаволенасць - абодва бакі аднолькава схільныя да гэтых механізмаў. Але навукоўцы падкрэсліваюць: каб лепш разумець адзін аднаго, мужу з жонкай варта вывучыць не толькі свае выдаткі, але і глыбінныя ўстаноўкі, якія ляжаць у іх аснове.