Пастаўкі газу з РФ у ЕЗ упалі да мінімуму з пачатку вайны
2- 14.04.2025, 15:16
- 3,542

ЗША абышлі Расею.
Пастаўкі прыроднага газу з Расеі ў краіны Еўразвязу ў студзені-сакавіку 2025 года ўпалі да мінімуму з пачатку вайны ва Украіне. Пра гэта паведамляе партал Euractiv у панядзелак, 14 красавіка, са спасылкай на даклад брусэльскага аналітычнага цэнтра Bruegel.
З ягоных звестак, у першым квартале 2025 года асноўнай крыніцай імпарту газу ў ЕЗ сталі трубаправодныя пастаўкі з Нарвегіі – 23,593 млрд куб. м. На другім месцы апынуўся звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) з ЗША – 18,393 млрд куб. м. На трэцім - пастаўкі з Расеі ў 10,015 млрд куб. м.
Упершыню за апошні год, гэта значыць з другога квартала 2024 года, пастаўкі ЗПГ з ЗША сталі другой крыніцай газу ў ЕЗ, перасягнуўшы ўвесь сукупны імпарт з Расеі.
Аб'ём расейскіх паставак стаў мінімальным з пачатку вайны ва Украіне. Пастаўкі расейскага газу ў ЕЗ пастаянна падалі з 4-га квартала 2021 года да другога квартала 2023 года. За гэты тэрмін яны скараціліся ў 3,5 разы: з 36,568 да 10,458 млрд куб. м. Затым яны сталі павольна расці, дасягнуўшы максімуму ў чацвёртым квартале 2024 года – 14,125 млрд куб.м.
Цяперашні ўзровень паставак 10,5 млрд куб. м за квартал - мінімальны як мінімум з 1980 года. Тады СССР паставіў у Заходнюю Еўропу больш за 50 млрд куб. м газу на працягу года. З таго часу аб'ёмы экспарту пастаянна раслі.
Цяпер Расея пастаўляе трубаправодны газ у ЕЗ па адным газаправодзе - «Турэцкай плыні». Пастаўкі прызначаны толькі для некалькіх краін, такіх як Вугоршчына і Славакія. Паводле звестак Bruegel, пастаўкі ў ЕЗ па «Турэцкай плыні» дасягнулі піка ў 398 млн куб. м за тыдзень у сярэдзіне лютага 2025 года, а з таго часу ўпалі на чвэрць.
Адначасова ў Еўропу паступае і расейскі ЗПГ, які перавозяць марскія танкеры. Гэтыя пастаўкі раслі ў 2024 годзе, але з пачатку гэтага года іх аб'ём зноў пайшоў уніз. У студзені-сакавіку 2025 года ў ЕЗ паступіла амаль 5,7 млрд куб. м расейскага газу ў выглядзе ЗПГ.