23 красавiка 2025, Серада, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адбыўся другі ў гісторыі поўнасцю жаночы палёт у космас

9
Адбыўся другі ў гісторыі поўнасцю жаночы палёт у космас

Каманда складалася з шасці чалавек.

Першы цалкам жаночы палёт у космас здзейсніла 62 гады таму Валянціна Церашкова – яна стартавала з зямлі на караблі «Усход-6» у поўнай адзіноце. На гэты раз каманда складалася з шасці чалавек, уключаючы спявачку Кэці Пэры і Ларэн Санчэс – журналістку і нявесту заснавальніка кампаніі Blue Origin Джэфа Безаса. Менавіта кампанія Blue Origin і выправіла ў космас поўнасцю жаночы экіпаж, паведамляе BBC.

Стартаваў палёт з касмадрома Launch Site One у Заходнім Тэхасе 14 красавіка ў 08:30 паводле мясцовага часу (16:30 – паводле менскага). Акрамя Пэры і Санчэс, у склад экіпажу ўвайшлі: тэлевядоўца CBS Mornings Гэйл Кінг, кінапрадзюсер Керыян Флін, дзве былыя супрацоўніцы NASA Аманда Нгуен (біяастранаўтка і астрафізік) і Аіша Боу (спецыялістка ў ракетабудаванні).

У космас дзяўчаты выправіліся на субарбітальным караблі New Shepard. Для яго гэта быў 31-ы запуск за ўсю гісторыю, а з экіпажам ён лётаў 11-ы раз. Першы запуск ракеты New Shepard адбыўся ў 2015 годзе. Сама кампанія Blue Origin існуе ўжо 25 гадоў.

Палёт прадоўжыўся крыху больш за 10 хвілінаў. Каманда ўзнялася на вышыню больш за 100 кіламетраў над Зямлёй і перасекла міжнародна прызнаную ўмоўную мяжу космасу. Экіпажу ўдалося правесці некалькі хвілінаў у бязважкасці, потым рухавік зноў запрацаваў для кантраляванага прызямлення на пасадачную пляцоўку Blue Origin у пустыні за 3,2 км на поўнач ад месца запуску.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках