Байдэн упершыню публічна пракаментаваў палітыку Трампа
3- 16.04.2025, 8:39
- 20,442

Новая адміністрацыя Белага дома працуе менш за 100 дзён, але ўжо "вызначылася".
46-ы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн упершыню пасля заканчэння кадэнцыі выступіў з заявай, у якой публічна пракаментаваў дзейнасць Дональда Трампа.
Як піша CNN, Байдэн выступіў на Канферэнцыі адвакатаў, дарадцаў і прадстаўнікоў асоб з інваліднасцю. Галоўнай тэмай размовы стала праграма сацыяльнага забеспячэння.
Ён раскрытыкаваў спробы новай адміністрацыі скараціць выдаткі ў гэтай сферы, назваўшы сацзабеспячэнне "не проста дзяржаўнай праграмай, а святым абяцаннем". Байдэн дадаў, што людзі, якія з пачатку сваёй прафесійнай кар'еры рабілі страхавыя ўнёскі, спадзяюцца атрымаць выплаты. “Гэтай надзеі нельга здрадзіць, а гэты абавязак нельга праігнараваць”, - заявіў ён.
Таксама Байдэн рэзка пракаментаваў дзеянні Трампа ў сацыяльных праграмах. Ён заявіў, што кіраўнік Белага дома менш чым за 100 дзён на пасадзе “нанёс столькі шкоды і выклікаў столькі разбурэнняў”.
"Паглядзіце, што адбылося цяпер, менш як за 100 дзён гэта новая адміністрацыя нанесла столькі шкоды і столькі разбурэнняў, што перахапляе дух", - дадаў ён.
Байдэн казаў крыху менш за 30 хвілін і не называў наўпрост імя Трамп. Як перадае NBC, ён казаў вельмі ціха і невыразна.
“Часам было цяжка пачуць Байдэна - настолькі, што тыя, хто быў у зале падчас мерапрыемства, заставаліся нерухомымі і ціхімі, каб пачуць яго прамову”, - перадае выданне.
Пасля адміністрацыя праграмы сацыяльнага забеспячэння абвінаваціла Байдэна ў хлусні, заявіўшы, што Трамп абяцаў абараніць праграму, ніводны офіс не быў зачынены, а інфармацыя аб скарачэнні паловы тэхнічнага дэпартамента не адпавядае рэчаіснасці.