У Еўразвязе адмаўляюцца ад дробных манет
4- 16.04.2025, 10:21
- 7,618

Змяненні адбудуцца ўжо з 1 траўня.
З 1 траўня ўжо восем еўрапейскіх краін не толькі спыняць чаканіць дробныя цэнтавыя манеты, а заканадаўча абавяжуць усе крамы акругляць кошты для тых, хто плаціць гатоўкай, піша «Еўрапейская праўда».
Дакладней, сем краін зрабілі гэта яшчэ раней, а зараз да «байкоту» манет 1 і 2 цэнты далучаецца Літва.
Ужо з наступнага месяца ў краіне пры аплаце гатоўкай у краме сума кошту будзе акругляцца да бліжэйшых 5 ці 10 цэнтаў. Гэта значыць рахунак у 2,03 еўра будзе азначаць, што ў пакупніку трэба будзе заплаціць 2,05 еўра, а замест 2,12 еўра - да аплаты будзе 2,10 еўра.
Але ніхто не будзе прымушаць краму мяняць цэннікі. Урэшце, акругленне будзе дзейнічаць не для ўсіх аплат, а толькі для гатоўкі.
Калі плаціць карткай, то можна плаціць з дакладнасцю да цэнта, як і раней.
Больш за тое, нават у тых краінах еўразоны, дзе акругленне ўжо выкарыстоўваецца, манеты наміналам 1 і 2 еўрацэнты застаюцца законным аплатным сродкам, іх абавязаны браць у пакупнікоў, імі могуць даваць рэшту. Рэч у тым, што выключыць дробныя манеты асобнай краіне еўразоны немагчыма. Гэта магчыма толькі пры ўмове, калі ўсе дзяржавы еўразоны аднадушна ўзгодняць такі крок. Адзіная валюта - адзіныя правілы.
Банк Літвы сцвярджае, што новаўвядзенне дапаможа спрасціць разлікі гатоўкай. А яшчэ - зменшыць колькасць манет, якія губляюцца або з іншых прычынах выпадаюць з абарачэння. Прычым размова ідзе аб значных сродках. Толькі ў Літве гэта - блізу траціны мільёна еўраў на год манетамі па 1-2 цэнты, сцвярджае літоўскае выданне Delfi.
Цікава таксама, што ў Вільні адзначаюць, што гэтая рэформа не толькі дасць дзяржаве пэўную эканомію, але і захавае навакольнае асяроддзе - маўляў, манеты, якія знікаюць з абарачэння, шкодзяць яму. Той самы аргумент выкарыстоўвалі і іншыя дзяржавы ЕЗ, якія адмаўляліся ад дробных еўрацэнтаў.
Сем дзяржаў еўразоны - Нідэрланды, Бэльгія, Фінляндыя, Ірландыя, Італія, Славакія і Эстонія - больш не чаканяць і не выпускаюць у абарачэнне адна-і двухцэнтавыя манеты і ўжо выкарыстоўваюць акругленне для аплат гатоўкай.
Пры гэтым дэбаты ў ЕЗ аб адмове ад дробных манет працягваюцца дагэтуль.
12 дзяржаў не гатовыя да адмовы ад дробных манет.
Найбольш скептычна да ідэі скасавання дробных манет ставяцца краіны Паўднёвай Еўропы.
Паводле апошняга даследавання, у трох краінах еўразоны большасць грамадзян выступаюць супраць адмовы ад дробных манет - гэта Грэцыя, Кіпр і Гішпанія.
А вось у краінах, дзе гэтая рэформа ўжо адбылася, наадварот, яе падтрымка заўважна вырасла.