МАЗ страчвае расейскі рынак
4- 16.04.2025, 10:32
- 4,024

Продажы ў разы скараціліся.
У сакавіку 2025 года на расейскім рынку было прададзена 24 новыя аўтобусы Мінскага аўтамабільнага завода - амаль у 3,3 разы менш, чым годам раней (79), піша «Позірк» са спасылкай на звесткі расейскага агенцтва «АСМ-Холдынг».
За студзень-сакавік было прададзена 39 беларускіх аўтобусаў (у 5,8 раза менш, чым годам раней). Доля прадукцыі МАЗ на рынку гэтага сегмента транспарту ў мінулым месяцы склала 3,2 адсотка.
Больш за ўсё аўтобусаў у справаздачным месяцы рэалізавалі ПАЗ – 401 (-65,7%), Yutong – 98 (-42,7%) і ЛіАЗ – 71 (-53,6%).
Усяго за 2024 год МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі.
Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расеі
22 кастрычніка 2024 года паведамлялася аб узгаранні ў Самары аўтобуса МАЗ (2018 год выпуску), які знаходзіўся на канчатковым прыпынку каля гандлёвага цэнтра, пасажыраў у ім не было. Прычынай, паводле папярэдняй інфармацыі, стала няспраўнасць электраправодкі.
3 студзеня мінулага года ў Санкт-Пецярбургу загарэўся аўтобус маркі МАЗ, які належыць кампаніі "Дамтрансаўта".
Паводле звестак расейскіх СМІ, у гэтым горадзе ў 2023 годзе загарэлася не менш як дзевяць аўтобусаў Менскага аўтазавода. Годам раней было зафіксавана восем падобных выпадкаў.
«У сувязі з заўвагамі, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятая пастанова аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203 047). Яны паступілі ў Пецярбург паводле кантрактаў 2022 года», - паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства «Пасажыраўтатранс».
У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць «траплянне алівы з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка».
«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя ў тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый», — растлумачыў чыноўнік.
Выпадкі з узгараннем аўтобусаў Менскага аўтазавода фіксаваліся таксама ў Беларусі.
Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу хаваецца ў адсутнасці «якаснага і своечасовага абслугоўвання». Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка намеснік галоўнага канструктара ў грузавой тэхніцы ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з'яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.
Паводле ягоных слоў, тэхніка «стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не касаваў».