Беспілотнікі атакавалі аэрадром «Маздок» у Паўночнай Асеціі
3- 9.04.2025, 8:11
- 9,140

Дронаў было як мінімум 15.
Невядомыя дроны атакавалі вайсковы аэрадром расейцаў у Маздоку (Паўночная Асеція, РФ). Пра гэта паведамляе "Астра" са спасылкай на відавочцаў.
Губернатар Паўночнай Асеціі-Аланіі Сяргей Мяняйла абвясціў рэжым беспілотнай небяспекі а 04:14. Потым ён паведаміў, што ў Маздоку нібыта збіта 15 БПЛА.
«У Маздоцкім раёне адбіта атака беспілотных лятальных апаратаў. Паводле інфармацыі Мінабароны Расеі, сістэмамі СПА знішчана 15 беспілотнікаў. Ахвяр і разбурэнняў няма», - заявіў ён у Telegram.

«Астра» геалакавала фота з дымам пасля нападу ў Маздоку - кадры зробленыя ля будынка раённага палаца культуры. Гэта прыкладна за 6 кіламетраў ад авіябазы. Жыхары горада паведамляюць, што атака была накіраваная менавіта на аэрадром.
Раней аэрадром «Маздок» быў пашкоджаны ў выніку атакі ў ліпені 2024 года. Аб наступствах гэтага нападу не паведамляецца.
Затое ў Мінабароны краіны-акупанта заявілі аб масаваным нападзе дронаў уночы 9 красавіка. Адзначаецца, што збіта нібыта 158 БПЛА, у тым ліку над тэрыторыяй Паўночнай Асеціі-Аланіі - 15.