Беларусы апынуліся ў топе сярод замежнікаў паводле куплі кватэр у Польшчы
10- 2.05.2025, 15:44
- 4,540

Летась была ўкладзеная рэкордная колькасць такіх угод.
Беларусы ў групе замежнікаў, якія купляюць больш за ўсё кватэр у Польшчы, піша Polskie Radio са спасылкай на Rzeczpospolita.
Замежнікі ўсё больш актыўна скупляюць жыллё ў Польшчы. Летась была ўкладзеная рэкордная колькасць такіх угод — 17 330. Годам раней іх было больш за 14 тысяч. Прычым пакупнікі з іншых краін часцей за ўсё набываюць кватэры (у тым ліку оптам) за гатоўку — без іпатэчных крэдытаў.
Больш актыўна замежнікі куплялі кватэры ў буйных польскіх гарадах, такіх як Варшава (3 535 угод), Кракаў (1523) і Уроцлаў (1491).
У 2023 годзе жыллё, набытае замежнікамі, склала 6% ад усіх прададзеных аб'ектаў нерухомасці.
«Улічваючы, што ў 2024 годзе продажы кватэр у Польшчы знізіліся, дзель замежных пакупнікоў магла перавысіць 10 адсоткаў», — заявіла галоўная аналітык партала Tabelaofert Nieruchomości Эва Палюс.
«З пункту гледжання агульнай плошчы аб'ектаў, больш за ўсё нерухомасці (жылой і камерцыйнай) замежнікі купілі ў Мазавецкім ваяводстве (508 133, 89 кв.м), Ніжнесілезскім (216 377, 70 кв. м) і Малапольскім (123 837, 27 кв. м). Звесткі апошніх гадоў паказваюць, што Варшава, безумоўна, — горад, дзе замежнікі часцей за ўсё купляюць нерухомасць», — паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі.
Паводле статыстыкі, больш за ўсё кватэр сярэдняй плошчай больш за 58 квадратных метраў, набылі ўкраінцы, а таксама беларусы, расейцы, індыйцы, брытанцы і в'етнамцы.