BI: УСУ пачалі незвычайным спосабам выкарыстоўваць кулямёт часоў Другой сусветнай вайны
2- 2.07.2025, 9:59
- 9,718
Метад ужо давёў сваю эфектыўнасць на полі бою.
Украіна выкарыстоўвае на полі бою вядомы амерыканскі кулямёт M2 (Ma Deuce), каб змагацца з расейскімі вайскоўцамі. Вядома, што ў канцы Першай сусветнай вайны гэты кулямёт распрацаваў Джон Браўнінг, аднак ён быў прыняты на ўзбраенне войска ЗША толькі ў пачатку Другой сусветнай вайны. Як піша Business Insider, M2 з'яўляецца адным з самых вядомых і самых даўгавечных тыпаў узбраення.
«Ён (кулямёт - рэд.) прайшоў шэраг мадэрнізацый і дагэтуль выкарыстоўваецца амерыканскімі і іншымі ўзброенымі сіламі. Фактычна, гэта адзін з самых распаўсюджаных цяжкіх кулямётаў у свеце на сёння. А зараз ён стаў часткай эры робататэхнікі. Яго ўсталёўваюць на сучасных аўтаномных робатах Украіны, якія выкарыстоўваюць штучны інтэлект для руху да расейскіх пазіцый і атакі», - падкрэслілі ў матэрыяле.
Вядома, што ўкраінскія абаронцы выкарыстоўваюць робатаў, аснашчаных кулямётамі, гранатамётамі і выбухоўкай, каб абстрэльваць расейцаў і ўзрываць расейскія цэлі.
«Многія ўкраінскія абаронныя кампаніі, якія працуюць у гэтай галіне, выбралі кулямёт M2 у якасці ўзбраення для гэтых робатаў. Напрыклад, украінская група FRDM, якая вырабляе дроны і наземныя робаты, вырабляе дыстанцыйна кіраваны наземны баявы транспартны сродак D-21-12 з кулямётам калібру.50», - дадалі ў BI.
Адзначаецца, што робат прызначаны для вядзення агню і назірання, а таксама можа рухацца з хуткасцю, большай за 9 кіламетраў за гадзіну. У красавіку гэтага года дрон зацвердзілі для выкарыстання на полі бою.
У сваю чаргу мэнэджар па прадукцыі групы FRDM Ігар Кулакевіч расказаў для Business Insider, што кулямёт M2 быў выбраны праз тое, што ён ёсць у наяўнасці ў многіх арсеналах на Захадзе, таму боепрыпасы да яго можна лёгка атрымаць.
У той жа час гендырэктар FRDM Group Вадзім Юнік адзначыў, што кампанія распрацавала свайго робата «у адказ на надзённую патрэбнасць паменшыць рызыкі для персаналу пры выкананні лагістычных задач на перадавой».
З яго слоў, гэты робат можна выкарыстоўваць для эвакуацыі параненых жаўнераў і як платформу для ўстаноўкі зброі. Юнік падкрэсліў, што робат ужо «давёў сваю эфектыўнасць на полі бою».