«Пуціну можа быць вынесены прысуд»
2- 2.07.2025, 10:17
- 4,634
Палітолаг ацаніў рызыкі для прэзідэнта РФ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Бэрс падпісалі пагадненне аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала для расследавання злачынстваў агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны. Палітолаг Пятро Аляшчук расказаў, якія гэта будзе мець канкрэтныя практычныя наступствы для расейскага кіраўніцтва.
З яго слоў, спецтрыбунал, створаны пагадненнем Украіны і ПАРЕ, можа выносіць завочныя прысуды, у адрозненне ад Міжнароднага крымінальнага суда.
«Так, найбліжэйшым часам у Гаагу Пуціна ніхто не даставіць, як і іншых расейскіх высокапастаўленых чыноўнікаў, якія прымалі пастановы аб агрэсіі супраць Украіны, але зараз Пуціну можа быць вынесены прысуд. Падкрэсліваю, не проста падазрэнне, а прысуд», - сказаў Аляшчук у каментары «Главреду».
Палітолаг падкрэсліў, што гэты прысуд будзе санкцыянаваны ўсімі еўрапейскімі краінамі, і нават Вугоршчынай.
«Бо гэтае пагадненне падпісанае ПАРЕ, за яго прагаласавалі ў ПАРЕ, то бок, створаны трыбунал атрымаў паўнамоцтвы ад фактычна ўсёй Еўропы. Такім чынам, на ўсёй тэрыторыі Еўропы ў Пуціна будзе прысуд», - патлумачыў ён.
Пры гэтым з практычнага пункту гледжання гэта не будзе азначаць, што Пуцін адправіцца ў турму, але наступствы для яго і Расеі будуць. Прычым судовы працэс закране не толькі Пуціна, але і іншых расейскіх чыноўнікаў, якія ўваходзілі ў Савет бяспекі РФ і прымалі пастанову аб пачатку ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.
«Так што, па-першае, трыбунал пагражае не толькі Пуціну, а, па-другое, персанальны імунітэт тут не абароніць. Завочны пераслед гэтым трыбуналам сапраўды дазваляецца. Зрэшты, пакуль прысуду няма, наўрад ці стварэнне спецтрыбунала нешта кардынальна зменіць для Пуціна і Расеі, але ўжо зараз гэта істотна зніжае імавернасць таго, што Пуцін адновіць дачыненні з Еўропай і будзе рабіць візіты ў еўрапейскія краіны. Для Пуціна гэта азначае, што ніякай нармалізацыі стасункаў з еўрапейцамі ў яго не будзе, і гэта ўжо пажыццёва. Так ці інакш, але для Пуціна стварэнне спецтрыбунала будзе дадатковым аргументам, каб трымацца за ўладу ў Расеі да самай смерці», - мяркуе Аляшчук.