У Эстоніі агентаў разведкі РФ прысудзілі да турмы
5- 2.07.2025, 17:32
- 5,738
Яны падпалілі рэстарацыю «Слава Украіне» ў Таліне.
У Эстоніі суд прызнаў двух грамадзян Малдовы вінаватымі ў падпале рэстарацыі "Слава Украіне". Як высветлілася, яны працавалі на расейскую разведку (ГРУ), паведамляе ERR.
Эстонскія праваахоўнікі высветлілі, што грамадзянін Малдовы Іван Кіхаял (1992 г.н.) у студзені сёлета пасля даручэння расейскіх спецслужбаў падпаліў краму COOP у вёсцы Асула ў Вырускім павеце. Амаль праз тыдзень яму заплацілі амаль 2 тысячы даляраў.
Неўзабаве расейцы даручылі яму падпаліць рэстарацыю «Слава Украіне» ў Таліне. Менавіта гэты аб'ект стаў мэтай праз яго назву і адкрытую праўкраінскую пазіцыю.
Для таго, каб выканаць заданне, зламыснік прыцягнуў свайго поўнага цёзку Івана Кіхаяла 1987 года нараджэння. У ноч на 31 студзеня гэтага года яны ўчынілі падпал.
Старэйшы Кіхаял разбіў акно, абліў памяшканне рэстарацыі бензінам і падпаліў, а малодшы здымаў усё на відэа. Праз некалькі дзён ролік з'явіўся на YouTube.
Зламыснікаў затрымалі ў Італіі праз 12 дзён пасля падпалу.
Малодшы правапарушальнік быў прысуджаны да 6,5 гадоў пазбаўлення волі, а старэйшы атрымаў паўгода турмы і ўжо ў жніўні можа выйсці на волю.