Літоўскія памежнікі: Мігрантаў у Беларусі вучаць фарсаваць мяжу
4- 21.07.2025, 10:14
- 3,944
Нелегалы ідуць групамі, выкарыстоўваюць драбіны ды інструменты.
Мігрантаў на тэрыторыі Беларусі могуць вучыць фарсаваць загароду на мяжы. Такое меркаванне выказаў начальнік Капчамесціскай памежнай заставы Альгіс Кісялюс.
«У мяне ёсць такое падазрэнне, што, быць можа, на беларускай тэрыторыі ёсць падобны фізічны бар'ер і на ім трэніруюцца, бо дзейнічаюць вельмі аператыўна. Як быццам ведаюць, дзе і як хутчэй можна праскочыць. /.../ 1,5 - 2 хвіліны — 15 чалавек прабіраюцца», — перадае Delfi словы літоўскага памежніка.
Паводле ягоных слоў, у апошні час мігранты карыстаюцца больш масіўнымі драбінамі, чым раней. З іх дапамогай яны падмінаюць калючы дрот, каб перасекчы мяжу. Таксама мігранты маюць іншае абсталяванне: нажніцы для металу, рыдлёўкі, гумовыя лодкі. Драбіны выкарыстоўваюць часцей за ўсё. Але таксама праразаюць агароджу і робяць падкопы.
Праваднікамі мігрантаў, на думку Кісялюса, могуць быць як іншыя мігранты, так і беларусы. «Але, я думаю, што гэта могуць быць і беларусы: чуецца расейская мова і лаянка. Думаю, і тыя, і іншыя могуць. Вядома, на выгляд яны масіўнейшыя за мігрантаў. У іх іншая знешнасць», — апісвае ён.