Бюджэт ЕЗ: хто здабыў, хто страціў
- 21.07.2025, 10:36
- 1,784
Фон дэр Ляен прадставіла праект бюджэту і назвала яго «самым амбіцыйным».
Еўрапейская камісія апублікавала праект сямігадовага бюджэту ЕЗ на 2028-2035 гады сумай €1,8 трлн. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен назвала яго самым амбіцыйным і паабяцала, што бюджэт стане больш шырокім, лепшым і больш смелым.
Аднак ужо ў першыя гадзіны пасля прэзентацыі дэпутаты Еўрапарламента абвінавацілі камісію ў скрыўленні звестак, спасылаючыся на фактычнае скарачэнне некаторых артыкулаў бюджэту праз інфляцыю, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Хто страціў:
Сельская гаспадарка
Бюджэт на аграрны сектар зніжаны з €386,6 млрд да €300 млрд. Акрамя таго, сельгаспраграмы цяпер аб'яднаны з іншымі палітыкамі ў рамках новых партнёрскіх планаў. Фермеры ва ўсёй Еўропе ўжо выказалі незадаволенасць скарачэннем падтрымкі.
Тытунёвая прадукцыя
ЕЗ уводзіць новы падатак на цыгарэты, электронныя цыгарэты і награваны тытунь. Чакаецца, што цана пачку вырасце на €1-2, а сабраныя сродкі пойдуць на выплату агульнаеўрапейскай запазычанасці.
Прырода
Сродкі на ахову прыроды цяпер уключаныя ў агульны экалагічны бюджэт, што выклікае асцярогі ў экалагічных арганізацый. ЕЗ ужо сутыкаецца з дэфіцытам на €37 млрд на падтрымку біяразнастайнасці.
Пераможцы:
Усходняя Еўропа і Украіна
Памежныя рэгіёны атрымаюць прыярытэтнае фінансаванне на фоне пагроз з боку Расеі і Беларусі. Украіне выдадуць €100 млрд на аднаўленне і інтэграцыю ў ЕЗ.
Энэргетыка
Інвестыцыі ў мадэрнізацыю электрасетак узрастуць да €30 млрд - для зніжэння тарыфаў і падвышэння канкурэнтаздольнасці прамысловасці.
Лічбавыя тэхналогіі і абарона
На лічбавыя тэхналогіі накіруюць €54,8 млрд, на абарону і космас — €131 млрд.
Навука і адукацыя
Навуковая праграма Horizon Europe вырасце амаль удвая - да €175 млрд, адукацыйная праграма Erasmus — да €40 млрд.
Палітычныя баталіі аб бюджэце абяцаюць быць гарачымі: ухваліць іх павінны ўсе краіны-чальцы ЕЗ і Еўрапарламент.