Аўтамабілісты, якія стаяць на мяжы з Польшчай, скардзяцца на «толікаў»
12- 21.07.2025, 15:15
- 8,336
Чэргі выраслі.
Перад пунктам пропуску «Берасце-Тэрэспаль» сабралася 390 аўтамабіляў і 25 аўтобусаў, якія чакаюць уезду ў Польшчу на 21 ліпеня. Людзі скардзяцца на тых, хто перапрадае месцы на мяжы, і абмяркоўваюць, ці можна падсесці ў аўтобус бліжэй да шлагбаума. «Белсат» даведаўся пра сітуацыю на мяжы.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі расказвае пра чэргі і традыцыйна абвінавачвае польскі бок у павольнай працы:
"Сумежны бок за два дні прыняў на сваю тэрыторыю 35% аўто ад нормы, гэта значыць 24 з 70 магчымых за гадзіну”, – піша Дзяржаўны памежны камітэт.
Аўтамабілісты скардзяцца на "толікаў”
Да поўдня 21 ліпеня ў тэматычных групах падлічвалі, што аўтамабілю, які толькі зарэгіструецца ў зоне чакання ў польскі бок у «Берасці», трэба будзе прачакаць блізу 20 гадзін да выкліку на мяжу. А за гадзіну выклікаюць прыкладна 18,5 аўто.
Пры гэтым людзі актыўна абмяркоўваюць і чэргі для выезду з Польшчы ў Беларусь. Чарга з аўтамабіляў у “Тэрэспалі” расцягнулася на 1,3 км, паведамляюць кіроўцы ў тэматычных чатах.
Тыя, хто сталі ў чаргу раніцай і ўначы 20 ліпеня, выдаткавалі на чаргу і праходжанне мяжы 17-19 гадзін.
Праўда, уначы чарга была большая - 3,4 кіламетра. Да шлагбаума аднаму з кіроўцаў давялося чакаць 12 гадзін 40 хвілін, а яшчэ пяць гадзін сышло на польскі і беларускі кантроль.
“У нашых на зялёным [калідоры] усё хутка - усе аўто дружна самі ўсё даставалі на сталы і атрымалася хутка ва ўсіх праехаць. Чырвоныя загачаныя", - дзеліцца адзін з кіроўцаў у чаце.
Таксама людзі скардзяцца на “толікаў” на мяжы – людзей, якія становяцца ў чаргу, а затым прадаюць свае месцы. Часта яны спрабуюць улезці ў пустыя месцы ў чарзе, бліжэй да мяжы. Даходзіць да канфліктаў, а часам нават і да боек. Людзі спрабуюць блакаваць аўто “толікаў” уласнымі целамі. Як расказаў чытач "Белсата" пасля такіх канфліктаў, польская паліцыя не хоча разбірацца ў такіх справах і нават наўпрост кажа, што беларусы ўжо надакучылі сваімі бойкамі на мяжы, а затым скаргамі.
Некаторыя ў сацсетках здзіўляюцца, чаму перакуп месца ў чарзе ўспрымаецца як нешта дрэннае.
"Купілі сабе месца ў чарзе на польскай мяжы. Ёсць такая паслуга - плаціш і за цябе стаяць у чарзе, ты прыязджаеш і становішся на месца таго, хто чакаў за цябе. Той чалавек з'язджае. Для чаргі нічога не мяняецца. Але людзі ў чарзе не змаглі перажыць такой несправядлівасці страшнай. Што ў кагосьці больш грошай ці хтосьці гатовы выдаткаваць на свой камфорт грошы. Ці магчымая справа для беларуса. Абяцалі парэзаць шыны. Выклікалі паліцыю, хоць гэта не парушэнне закона. Такую лютасць у вачах я раней не бачыла", - піша адна беларуска.
Аднак у чатах, дзе людзі абмяркоўваюць праходжанне мяжы, у асноўным абураюцца з гэтай нагоды.
"Абыход чаргі шляхам куплі месцаў і ўкліньвання ў пустыя месцы пры зрухах-гэта зусім іншае ў параўнанні з купляй білета ў бізнэс-класе замест эканома. Гэта купля паслугі, калі з эканом-класа кагосьці выкінуць, а вы зоймеце яго месца. Гэта не прыкмета матэрыяльнага дабрабыту і ўсведамлення каштоўнасці свайго часу, гэта прыкмета нявыхаванасці і абыякавасці да бліжняга”, – дзеліцца сваім меркаваннем адзін з удзельнікаў групы.
Згодна з Дзяржаўным памежным камітэтам, у бок Літвы на «Каменным Логу» чакаюць 35 аўтамабіляў, а на “Беняконях” – 20.
Людзі, якія накіроўваюцца з Літвы ў Беларусь, скардзяцца, што на “Каменным Логу” ўсё адбываецца вельмі доўга – літоўскія спецыялісты “цягнуць час на рэнтгене”. Паводле інфармацыі кіроўцы, на рэнтген адпраўляюць кожны другі аўтамабіль.
"У бок Беларусі ўнутры беларускага пункта ўсё загачана, самаходы вельмі шмат і на зялёным, і на чырвоным каналах”, – распавядае іншы кіроўца ў чаце, дзе абмяркоўваюць рух на “Каменным Логу”.
Аўтобус
У бок Польшчы на аўтобусе час чакання даволі невялікі. Тыя, хто прыехалі 20 ліпеня а 23:20 да “Берасця”, змарнавалі на чаргу і кантроль 10 гадзін 30 хвілін. Час паміж праходжаннем беларускіх і польскіх спецыялістаў - амаль пяць гадзін.
Яшчэ адзін пасажыр распавядае, што прыехаў на мяжу крыху пазней папярэдняга турыста. У яго на чаргу сышло чатыры гадзіны, а на мяжу – сем гадзін.
Іншыя распавядаюць, што прыехалі на мяжу на таксі п 6:20 21 ліпеня. Там пераселі ў аўтобус да Варшавы за 140 рублёў. І а 8:30 ужо ўдалося прайсці пашпартны кантроль у беларусаў, аб 11:35 – заехалі на мост, які вядзе да польскіх памежнікаў.
Удзельнікі групы распавядаюць, што прыкладна а 9:30 з беларускага боку чаргі з'явілася транспартная міліцыя – проста перад шлагбаумам. Таму людзей у аўтобусы бліжэй да мяжы не падсаджваюць.
У бок Беларусі з Польшчы да поўдня 21 ліпеня сабралася блізу 12 аўтобусаў, дзеляцца пасажыры. Тыя, хто сталі ў чаргу 20 ліпеня п 22:00, прайшлі пашпартны кантроль з беларускага боку п 7:30 21 ліпеня.
Тыя, хто ехаў з Вільні ў Менск на аўтобусе, распавядаюць, што ўсё вельмі хутка. А 9-й раніцы выехалі з Вільні, амаль а 12-й прайшлі беларускіх памежнікаў.
У адваротны бок таксама рух даволі хуткі. Аўтобус з Менска выехаў а 9:50, а 13:00 прайшоў беларускі кантроль.