Ва Украіне пабудавалі першы антыдронавы тунэль
5- 23.07.2025, 18:47
- 8,096
Даўжыня антыдронавай дарогі дасягае 6,5 км.
У Запарожскай вобласці пачалі ўзводзіць ахоўныя тунэлі для прыкрыцця дарог ад нападаў варожых FPV-дронаў. Першы такі аб'ект ужо закончылі на адным з самых небяспечных кірункаў – Арэхаўскай трасе, сказаў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў, паведамляе 23 ліпеня Zprz.city.
Паводле словаў Фёдарава, даўжыня антыдронавай дарогі дасягае 6,5 км.
«Гэта толькі пачатак. У нас амбіцыйны план – больш за 200 км абароненых шляхоў у межах вобласці», – указаў кіраўнік вобласці.

Чыноўнік дадаў, што ў працах задзейнічаныя вайскоўцы, якія падзяліліся ўласным баявым досведам для распрацоўкі канструкцыі.
Тунэлі дазваляюць больш бяспечна транспартаваць асабовы склад, рыштунак і эвакуяваць параненых. Для цывільных асобаў гэта азначае меншыя рызыкі пры руху па прыфрантавым дарогах.
«У апошні час FPV-дроны сталі адной з галоўных пагрозаў. Яны здольныя хутка і прыцэльна пашкоджваць як тэхніку, так і жывую сілу, асабліва на адкрытых адрэзках дарог. Так што новыя ахоўныя збудаванні – адказ на рэаліі сучаснай вайны», – рэзюмаваў Фёдараў.
Пра будаўніцтва першага ахоўнага тунэля, які павінен засцерагчы ад нападаў варожых FPV-дронаў, кіраўнік АВА інфармаваў яшчэ ў канцы чэрвеня.