Адгрузка расейскай нафты на Чорным моры спынілася
3- 23.07.2025, 22:22
- 15,416
Названая прычына.
Адгрузка нафты на найбуйнейшых расейскіх чарнаморскіх тэрміналах у Новарасійску і Паўднёвай Азярэеўцы прыпыненая праз новую адміністрацыйную працэдуру ўзгаднення судназаходаў, паведаміла Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.
Адна з іх чакае, што сітуацыя нармалізуецца цягам некалькіх дзён.
Праз чарнаморскі порт Новарасійск ажыццяўляецца экспарт і транзіт нафты гатункаў Urals, KEBCO і Siberian Light. Суседні тэрмінал у Паўднёвай Азярэеўцы, які належыць Каспійскаму трубаправоднаму кансорцыуму (КТК), перавальвае сумесь CPC Blend.
КТК і Міністэрства транспарту РФ адмовіліся ад каментароў.
21 ліпеня пачаў дзеянне ўказ прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які вызначыў новыя правілы заходу ў марскія парты РФ замежных караблёў.
«Вызначыць, што заход у марскія парты Расейскай Федэрацыі караблёў, якія ідуць з замежных партоў, ажыццяўляецца з дазволу капітана марскога порта, узгодненага са службовай асобай органа Федэральнай службы бяспекі», – гаворыцца ў дакуменце.
Адгрузкі нафты CPC Blend у КТК запланаваныя ў жніўні на ўзроўні 6,5 мільёна тонаў, што амаль адпавядае ліпеньскаму графіку.
Экспарт і транзіт нафты з Новарасійска ў ліпені павінны скласці блізу 2,2 мільёна тонаў, паводле звестак крыніцаў.