19 снежня 2025, Пятніца, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка трасецца ад страху

46
Лукашэнка трасецца ад страху

Дыктатар выдаў сябе прымітыўнымі заявамі.

У арсенале абразлівых выказванняў Лукашэнкі на адрас беларусаў асобным радком ідуць словы пра тое, што «мы нікому не патрэбныя» за межамі сваёй уласнай краіны.

У Польшчы, Нямеччыне і Літве «не патрэбныя» нашы студэнты. Як і нашы лекары, якія з'язджаюць у пошуках лепшага жыцця і паважлівага стаўлення.

І нават палітычныя ўцекачы, апаненты рэжыму, са слоў Лукашэнкі, «просяцца назад», што ўжо казаць пра «простых» беларусаў, якія з'язджаюць на заробкі.

«Я вам шчыра кажу: Жывіце на сваёй зямлі. Вы нікому там не патрэбныя, гэта ўцекачы давялі: дзеткі ў школу пайшлі — булінг, у школе дзетак пачынаюць нашых цкаваць. Чаго вы туды паехалі? У вас ёсць свая зямля, вы на ёй павінны жыць. Вы павінны гаспадарыць на сваёй зямлі і шанаваць яе», — Аляксандр Лукашэнка, з выступу на «Дажынках» у лістападзе 2024 года.

У гэтых слоў, напоўненых грэбаваннем да беларусаў, падкрэсленым прыніжэннем іх дзелавых і чалавечых якасцяў, ёсць і адваротны бок, які красамоўна характарызуе іх аўтара.

Давайце разбяромся, што стаіць за гэтымі спробамі выхаваць у людзях пачуццё ўласнай непаўнавартаснасці. Бо так мы можам зразумець, якім бачыць нашу агульную будучыню чалавек, які чацвёрты дзясятак гадоў ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках.

Не выключана, што за гэтымі словамі тоіцца страх. Боязь адкрытай канкурэнцыі, ва ўмовах якой у 70-гадовага дыктатара вельмі мала шанцаў. Уласна, іх не было і ў Лукашэнкі ўзору канца 90-х, менавіта таму ён падмяў усю ўладу пад сябе, знішчыў галоўных апанентаў і ператварыў палітычнае поле ў аўтарытарную пустыню.

З'язджаючы на вучобу і працу на захад, беларусы непазбежна сутыкаюцца з іншай рэальнасцю, знаходзяць небяспечны для рэжыму досвед. У тым ліку і досвед жыцця ва ўмовах канкурэнцыі, калі грошы даводзіцца зарабляць, а не «атрымліваць» на стратнай фабрыцы. Калі цэніцца не безумоўная лаяльнасць начальніку, а ініцыятыўнасць і крэатыў.

Зрэшты, дыктатар ніколі не хаваў, што ідэальны для яго варыянт — прымітыўны ўклад у духу СССР: бяспраўная вёска, якая корміць гараджан, якія працуюць на дзяржаўных заводах і фабрыках.

І сёння, калі ён канчаткова перастаў саромецца ў выбары слоў, фактычна апраўдваючы неабходнасць увядзення прыгоннага права, гэта становіцца асабліва відавочна.

"Я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду!"- прарочую заяву Лукашэнкі на світанку яго кар'еры многія сустрэлі з паблажлівым смехам.

Як і словы пра тое, што беларусам не трэба шмат есці мяса.

Але, фактычна, ужо тады ён закладваў аснову сістэмы, устойлівасць якой залежала ад балансавання на мяжы забеспячэння базавых патрэб. Галоўнае, каб «людзі былі накормленыя і адзетыя», славутая чарка і скварка.

За словамі пра тое, што «мы нікому не патрэбныя», хаваецца страх страты кантролю. Калі здарыліся гады неспадзяванага дабрабыту, выкліканыя ўдалым паразітаваннем на дарагоўлі расейскай нафты, у Беларусі пачало зараджацца некаторае падабенства сярэдняга класа, якому стала цесна ў рамках сакрэтнага сацыяльнага кантракту — лаяльнасць у абмен на сціплы, але гарантаваны заробак.

«Вас нідзе не чакаюць» -гэта пажаданне-загад: сядзіце дома і не высоўвайцеся, радуйцеся таму, што ёсць (што я даю вам). Адсюль, магчыма, і ўсе гэтыя прымітыўныя развагі пра краіну, як пра «кавалак зямлі».

«Вы нікому не патрэбныя» - гэта і пагроза будучым выпускнікам ВНУ. Бо калі ўсе ініцыятывы сённяшняга рэжыму ў галіне вышэйшай і спецыяльнай адукацыі ажыццявяцца, то праз гады многія з іх сапраўды апынуцца незапатрабаванымі па-за краінай.

Мы на Захадзе нікому не патрэбныя. Там такога дабра, як Беларусь, стае і без яе. А як мяне любяць на Захадзе, вы памятаеце з тых часоў. Нічога тут не змянілася.

«Мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, вымушаныя праводзіць такую палітыку, каб захаваць краіну, бяспеку, суверэнітэт, незалежнасць і стабільнасць, каб людзям нармальна жылося. Мы не можам сварыцца ні з Расеяй, ні з Захадам. Наш лёс такі», - Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці РФ Валерыем Шанцавым, красавік 2017 года

Рэўнасць і страх адзіноты. Яны гучалі ў словах пра«непатрэбнасць» яшчэ ў 2017-м, калі Лукашэнка досыць паспяхова балансаваў паміж Брусэлем, Вашынгтонам і Масквой.

Сёння ён распавядае пра тое, як на постсавецкай прасторы «кожны паасобку ківаемся туды-сюды». І ці то моліць, ці то загадвае партнёрам з пуцінскага Саюзе: «трэба захаваць усё тое, што нам дасталася ад СССР, і тое, што яшчэ дыхае на сённяшні дзень. І ні ў якім разе не глядзець па баках. Ніхто нас нідзе не чакае».

А таксама раздае парады «старажытнага палітыка» грамадзянам Малдовы, у якую яму сёння шлях закрыты, з нагоды перспектывы ўступлення ў Еўразвяз: «не рвіцеся вы ні ў якія саюзы, ніхто вас нідзе не чакае».

І ў гэтым выпадку да месца будзе вядомая рэпліка з савецкай камедыі Гайдая: «Не нас, а вас». Бо, фактычна, Лукашэнку больш нідзе і не чакаюць, акрамя Расеі. І такую долю ён хоча навязаць усім нам.

На нядаўняй сустрэчы з чарговым расейскім губернатарам ён заявіў, што «Беларусь пераарыентуе сваю дыпламатычную прысутнасць з заходніх краін на тыя дзяржавы, якія хочуць развіваць супрацоўніцтва, і гэта перш за ўсё Расейская Федэрацыя».

Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках