Сербія гатовая ўвесці санкцыі супраць РФ
7- 25.07.2025, 22:30
- 7,688
Названая ключавая ўмова.
Сербскі міністр у справах Еўропы Неманья Старовіч заявіў, што Бялград гатовы ўвесці санкцыі супраць Расеі. Аднак толькі пры ўмове, што стане відавочнай перспектыва хуткага ўступлення ягонай краіны ў Еўрапейскі Звяз.
Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю аўстрыйскаму агенцтву APA, паведамляе dialog.ua.
Паводле словаў Старовіча, сёння Сербія не далучылася да санкцыйнай палітыкі ЕЗ не праз сімпатыі да Масквы, а праз адсутнасць гарантый з боку Брусэля.
Пры гэтым Бялград, як падкрэсліў Старовіч, «дакладна і адназначна» асудзіў уварванне Расеі ва Украіну з самага пачатку поўнамаштабнай вайны. Ён таксама адхіліў папрокі ў бяздзейнасці.
– Калі нас крытыкуюць за тое, што мы не робім даволі для Украіны, мой адказ просты: дазволім самім украінцам гаварыць за сябе, – сказаў міністр.
Фактычна Сербія ўжо ўдзельнічае ў падтрымцы Кіева. Міністэрства ўнутраных справаў краіны ўхваліла транзіт праз сербскую тэрыторыю артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм, вырабленых у Босніі і Герцагавіне. Атрымальнікам выступае чэшская кампанія, якая афіцыйна пастаўляе ўзбраенне Узброеным сілам Украіны.
Акрамя таго, як паведамляла Financial Times, да лета 2024 Сербія паставіла Украіне боепрыпасы праз трэція краіны на блізу 800 мільёнаў еўраў. Пазней прэзідэнт Аляксандр Вучыч пацвердзіў гэтыя звесткі, заявіўшы, што экспарт зброі стаў часткай «эканамічнага адраджэння» краіны.
Такая палітыка выклікае раздражненне Масквы. У траўні Масква абвінаваціла сербскія ўлады ў таемных пастаўках боепрыпасаў ва Украіну, назваўшы гэта «ўдарам у спіну». Расейцы сцвярджалі, што гаворка ідзе пра «сотні тысячаў» артылерыйскіх снарадаў.
На гэтым фоне сам Вучыч дэманструе актыўны ўдзел у праўкраінскіх ініцыятывах. У чэрвені ён прыехаў у Адэсу на саміт «Украіна – Паўднёва-Усходняя Еўропа», дзе пацвердзіў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і паабяцаў дапамогу ў аднаўленні разбураных гарадоў.
Як падкрэсліў Старовіч, Бялград падтрымлівае курс Украіны на еўраінтэграцыю і мяркуе, што «ўкраінскі прыклад даў новы імпульс пашырэнню ЕЗ».
Паводле ягоных словаў, цяпер надышоў момант, калі і краіны Заходніх Балканаў павінны быць прынятыя ў еўрапейскую супольнасць.
Такім чынам, Сербія прадаўжае лавіраваць паміж нейтралітэтам і падтрымкай Украіны, адначасова гандлюючы зброяй, крытыкуючы Расею і чакаючы канкрэтных крокаў ад Еўразвязу.