WBC паведаміла, што збіраецца зрабіць з поясам Вусіка, які той адабраў у Ф'юры
1- 26.07.2025, 12:10
- 2,972
Арганізацыя хоча як мага даўжэй захаваць ягоны статус абсалютнага чэмпіёна свету.
Прэзідэнт Сусветнай баксёрскай рады (WBC) Маўрысіё Сулейман заявіў, што арганізацыя не будзе ў найбліжэйшы час абавязваць абсалютнага чэмпіёна свету ў суперцяжкай вазе Аляксандра Вусіка праводзіць абавязковую абарону тытула. Гэтае пытанне плануюць перагледзець на штогадовай канвенцыі ў снежні.
«Мы імкнемся захаваць статус абсалютнага чэмпіёна ў хэвівейце як мага даўжэй», – сказаў Сулейман у інтэрв'ю Boxing News пасля перамогі Вусіка над Даніэлем Дзюбуа. У тым баі ўкраінец абараніў пояс WBC, вярнуў сабе тытул IBF і захаваў чэмпіёнствы WBA Super і WBO.
Для падтрымання актыўнасці ў дывізіёне WBC раней санкцыянаваў часовы бой паміж Агітам Кабаелем і Чжанам Чжылеем, каб не «замарожваць» сітуацыю. Але ключавыя пастановы пра будучыя абавязковыя баі будуць прынятыя на снежаньскай канвенцыі арганізацыі.
Калі 38-гадовы Вусік прадоўжыць кар'еру і захоча захаваць статус абсалютнага чэмпіёна, наступным спаборнікам можа стаць Джозэф Паркер – часовы чэмпіён WBO і абавязковы прэтэндэнт ад гэтай арганізацыі. Аднак WBO пакуль не зацвердзіла тэрмін правядзення такога паядынку.
18 траўня 2024-га ў Эр-Рыядзе Вусік перамог чэмпіёна WBC Тайсана Ф'юры і стаў уладальнікам паясоў WBA, WBO, IBF і WBC у суперцяжкай вазе.
22 снежня таго ж года Вусік паўторна адолеў Ф'юры і абараніў свае тытулы. Сёмы паядынак украінца ў суперцяжкай вазе закончыўся перамогай у балах 116:112, 116:112, 116:112.