У Віцебску пабудуюць аквапарк
6- 26.07.2025, 12:18
- 2,132
Праект дапрацаваны, засталося атрымаць дазвол.
У Віцебску з'явіцца маштабны шматфункцыянальны цэнтр з аквапаркам.
Заказчык праекта дапрацаваў архітэктурна-планіровачную канцэпцыю і хутка звернецца па дазвол на будаўніцтва. Пра гэта кіраўнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Андрэй Макееў паведаміў парталу vitbichi.by. Паводле ягоных словаў, комплекс – вельмі значны і прывабны для горада аб'ект.
Плошча цэнтра складзе прыкладна 14 тыс. м2, з іх не менш як 3,5 тыс. м2 зойме аквапарк. Адначасова ён зможа прыняць 1,3 тыс. наведвальнікаў, а дзённая прапускная здольнасць складзе блізу 3,2 тыс. чалавек.

Праект будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра выносілі на грамадскае абмеркаванне.
Паводле яго вынікаў узнікла некалькі тэхнічных заўваг, якія кампанія-распрацоўніца змагла цалкам ліквідаваць.
«Яны датычыліся чыста тэхнічных аспектаў, сярод іншага, магчымасці размяшчэння шматфункцыянальнага аб'екта з пункту гледжання функцыянальнага занавання зямлі ў адпаведнасці з Генеральным планам Віцебска, а таксама забеспячэння абмежавання доступу пабочных асобаў на тэрыторыю прадпрыемстваў, размешчаных побач», – удакладніў Андрэй Макееў.
Беручы да ўвагі вялікі аб'ём дакументацыі, якую неабходна адпрацаваць, этап праектавання прадоўжыцца ад года да паўтара. Пасля гэтага падраднік зможа непасрэдна прыступіць да будаўніцтва комплексу.