19 снежня 2025, Пятніца, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Перагрэтая ваенная эканоміка РФ пакрылася глыбокімі расколінамі

8
Bloomberg: Перагрэтая ваенная эканоміка РФ пакрылася глыбокімі расколінамі

У многіх цывільных галінах пачаўся абвальны спад.

Пакуль Пуцін спрабуе і далей разгойдваць ваенна-прамысловы комплекс, у шматлікіх цывільных галінах пачаўся спад, дзе-нідзе проста абвальны.

Расейская эканоміка здзівіла многіх, застаючыся ўстойлівай перад міжнароднымі санкцыямі, але пасля трох гадоў вайны і заходніх абмежаванняў яна дэманструе шматлікія праблемы, кожная з якіх выглядае вельмі сур'ёзнай, піша Bloomberg.

"Расколіны ў эканоміцы коштам 2 трлн. даляраў цяпер цалкам відавочныя", — гаворыцца ў публікацыі.

Журналісты адзначаюць, што Масква "выбірае зброю замест масла": пакуль усе рэсурсы дзяржавы накіраваныя на вайну, цывільная эканоміка паступова памірае. Гэтая дынаміка была прадэманстраваная гэтым тыднем: Пуцін наведаў цырымонію ўзняцця сцяга на новай атамнай падводнай лодцы з балістычнымі ракетамі на фоне навін пра тое, што продажы аўтамабіляў у чэрвені абваліліся на 30%.

Баючыся далейшага ахаладжэння эканомікі, Цэнтральны банк Расеі ўчора вырашыў знізіць базавую працэнтную стаўку прыкладна на 2 працэнтныя пункты пасля зніжэння на 1 працэнтны пункт у мінулым месяцы. Гэта значыць, выбіраючы паміж высокім узроўнем інфляцыі і эканамічным спадам, Цэнтрабанк спыніўся на першым варыянце.

“Існуе ўсё больш доказаў складанасцяў у шмат якіх сектарах расейскай эканомікі. Наступствы вайны, заходнія санкцыі, дэфіцыт працоўнай сілы, зніжэнне коштаў на нафту, дарагая валюта і высокія працэнтныя стаўкі”, - сцвярджае Алекс Какчараў, аналітык ў геаэканамічных пытаннях Bloomberg Economics.

Паводле яго слоў, рызыка абвалу цывільнай часткі эканомікі расце, паколькі Пуцін у сваёй вайне супраць Украіны амаль поўнасцю засяроджаны на ваенных мэтах.

Аўтар публікацыі адзначае, што да гэтага часу вялікай падтрымкай для Расеі заставалася магчымасць пастаўляць нафту і газ у Кітай, Індыю і некаторыя еўрапейскія краіны. Але гэтага недастаткова, каб пазбегнуць праблем у іншых сектарах расейскай эканомікі. Напрыклад, вугальная прамысловасць Расеі перажывае маштабны крызіс, страціўшы і рынкі збыту, і пастаўкі складанага прамысловага абсталявання, і магчымасць прыцягваць заходнія фінансавыя рэсурсы для мадэрнізацыі.

Паказальна і тое, што раскачагараны ваенна-прамысловы комплекс Расеі няздольны забяспечыць дастатковы попыт для сталеліцейнай прамысловасці Расеі. Праблемы з экспартам і астуджэнне рынку нерухомасці ў Расеі, які фармаваў значную частку ўнутранага попыту на сталь, прывялі да значнага спаду ў расейскай металургіі.

Але, мабыць, найболей трывожным сігналам для Пуціна павінны былі стаць праблемы ў фінансавым сектары. У пачатку ліпеня кіраўнікі некаторых найбуйнейшых расейскіх банкаў прыватным чынам абмяркоўвалі магчымасць звароту па дзяржаўную дапамогу, калі ўзровень праблемных крэдытаў у іх партфелях будзе працягваць расці. Рэальная “якасць” іх крэдытнага партфеля нашмат горшая, чым паказваюць афіцыйныя звесткі, кажуць інсайдэры і сведчаць некаторыя дакументы, з якімі азнаёміліся журналісты Bloomberg News.

"Застаецца толькі вузкая група вядучых галін з высокімі тэмпамі росту – усе яны звязаныя з дзяржаўнымі заказамі і абаронай", – сказала раней гэтым летам Сафія Данец, галоўны эканаміст T-Investments. Паводле яе слоў, цяжка знайсці іншыя сектары, якія працуюць у плюсе. Большасць цывільных галін прамысловасці Расеі адчуваюць скарачэнне вытворчасці ў 2025 годзе.

У пошуках крыніц напаўнення ваеннага бюджэту расейскі ўрад звярнуўся да вельмі дрэннай практыкі - канфіскацыі прыватных актываў. За апошні год агульны кошт канфіскаваных актываў патроіўся. Расейскі бізнэс у трывозе, турбуецца з нагоды хвалі нацыяналізацый. Але не падобна, што Крэмль гатовы заўважаць гэтыя турботы.

“Пуціну насамрэч абыякава, што менш здабываецца вугалю ці высякаецца драўніны, ці што падаюць раздробныя продажы. Ён поўнасцю засяроджаны на сваіх ваенных мэтах. Хутчэй за ўсё, ён хоча адыграць такую ж ролю ў расейскай гісторыі, што Пётр I ці Кацярына II”, - мяркуе эканамічны аналітык Алекс Какчараў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках