Стэлан Скарсгард атрымае «Сэрца Сараева»
- 27.07.2025, 11:40
- 1,242
Гэта найвышэйшая ўзнагарода ва ўсіх катэгорыях на Сараеўскім кінафестывалі.
Швэдскі актор Стэлан Скарсгард стане лаўрэатам «Ганаровага сэрца Сараева» на 31-м кінафестывалі ў Сараеве, які пройдзе з 15 да 22 жніўня, піша Deadline (пераклад - сайт Charter97.org).
Скарсгард - даўні сябар фэсту і адзін з папячыцеляў Фонду Катрыны Картлідж, стыпендыі якога ўручаюцца ў рамках фестывалю.
«Сараеўскі кінафестываль застаецца месцам, дзе падымаюцца важныя тэмы, напоўненыя прагай да жыцця. Я люблю туды вяртацца», - адзначыў актор.
Дырэктар фестывалю Ёван Мар'яновіч заявіў: «Для нас гонар уручыць гэтую ўзнагароду актору з такой глыбінёй, сілай і цэласнасцю. Яго ўклад у сусветнае кіно неацэнны».
Скарсгард пачаў кар'еру ў 15 гадоў, а пазней працаваў у Каралеўскім драматычным тэатры Стакгольма. Міжнародны поспех прыйшоў у 1982 годзе пасля ролі ў фільме «забойца-ідыёт», за якую ён атрымаў Срэбнага мядзведзя ў Бэрліне.
З тых часоў ён здымаўся ў найбуйнейшых рэжысёраў Еўропы і Галівуду — Ларса фон Трыера, Стывена Спілбэрга, Гаса Ван Сэнта, Мілаша Формана і іншых. Гледачы ведаюць яго з фільмаў «Догвіль», «Піраты Карыбскага мора», «Тор», «Чарнобыль» і «Выдма».