19 снежня 2025, Пятніца, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі эканаміст: Выдаткі Расеі на вайну наблізіліся да ўзроўню позняга СССР

5
Нямецкі эканаміст: Выдаткі Расеі на вайну наблізіліся да ўзроўню позняга СССР

Крэмль марнуе на вайну 8–10% ад ВУП.

Выдаткі Расеі на вайну наблізіліся да паказчыка, які быў у позняга Савецкага Саюза. З такой ацэнкай выступіў нямецкі эканаміст Яніс Клюге — навуковы супрацоўнік берлінскага Фонду навукі і палітыкі (SWP). Яго каментар апублікаваны ў суботу, 26 ліпеня, у газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ), перадае DW.

Клюге расказаў, што прааналізаваў не толькі непасрэдна ваенныя выдаткі федэральнага бюджэту РФ, але і звязаную з вайной нагрузку на рэгіянальныя бюджэты і сацыяльныя сістэмы, а таксама марнаванні з Фонду нацыянальнага дабрабыту.

Агульны паказчык выдаткаў на вайну, паводле яго ацэнкі, склаў 8–10% ад ВУП Расеі. «Гэта недалёка ад некаторых ацэнак адносна Савецкага Саюза», — сказаў эканаміст. Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру ў красавіку 2025 года ацаніў выдаткі РФ на вайну паводле вынікаў 2024 года ў 7,1% ВУП.

FAZ нагадвае, што дакладных звестак пра ваенныя выдаткі ў познім СССР да гэтага часу няма. Паводле розных ацэнак, яны складалі ад 10 да 20% савецкага ВУП.

Клюге заклікаў не параўноўваць цяперашнія эканамічныя праблемы РФ з тымі, якія прывялі да распаду СССР. Паводле ацэнкі навукоўца, расейская эканоміка можа застацца стабільнай і пры паказчыку ваенных марнаванняў у 15% ад ВУП. У гэтым выпадку даход шараговых расейцаў рэзка скароціцца, але «краіна не разваліцца», сказаў эканаміст.

Паводле яго слоў, прычына ў тым, што ў Расеі захоўваецца капіталістычная рыначная сістэма. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку, частковая нацыяналізацыя, мыты і забароны пакуль не сталі тым, што «цалкам змяніла б эканамічную сістэму».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках