19 снежня 2025, Пятніца, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цёмныя справы Лукашэнкі выйшлі вонкі

9
Цёмныя справы Лукашэнкі выйшлі вонкі

Дыктатар падтрымлівае мафіёзную дыктатуру ў Цэнтральнай Амерыцы.

Беларускія ўлады крэдытуюць і абсталёўваюць войска і паліцыю дыктатуры ў Нікарагуа – нібыта для «паляпшэння мабілізацыйных магчымасцяў». «Салідарнасць» разбіралася, што адбываецца.

23 траўня беларускі Банк развіцця заявіў аб падпісанні чатырох «важных для дзвюх дзяржаў» крэдытных пагадненняў на агульную суму больш за $30 млн «для фінансавання паставак больш за 280 грузавых аўтамабіляў розных мадэляў і дарожна-будаўнічай тэхнікі».

Першы намеснік старшыні ўправы Нацбанка Аляксандр Ягораў адзначыў, што Беларусь заўсёды гатовая «падставіць плячо народу Нікарагуа ў эканамічным развіцці».

Аднак, відавочна, напраўду рэжым Лукашэнкі крэдытуе дыктатуру ў Нікарагуа зусім не з гэтымі мэтамі.

Дыктатура з Цэнтральнай Амерыкі набудзе 289 адзінак тэхнікі для войска і нацыянальнай паліцыі, паведамляюць гішпанамоўныя СМІ. Вось што вынікае з дакументаў Нацыянальнай асамблеі Нікарагуа.

Два крэдытныя пагадненні на агульную суму 25,5 млн даляраў ЗША падпісаныя для «паляпшэння мабілізацыйных магчымасцяў» войска.

Улады Нікарагуа запэўніваюць (а ў іх заявах можна засумнявацца), што беларуская тэхніка (больш за 200 адзінак тэхнікі – самаскіды, аўтацыстэрны, пагрузчыкі і г.д.) дазволіць палепшыць рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, барацьбу з незаконнай дзейнасцю (высечка лясоў, абарот наркотыкаў) і бяспеку ў сельскіх і цяжкадаступных раёнах.

Яшчэ два крэдытныя пагадненні на 4,8 млн даляраў накіраваныя на куплю 50 усюдыходаў і гарадскіх аўтамабіляў для «аптымізацыі дзейнасці» паліцыі.

На якіх умовах Банк развіцця выдаў крэдыты? Іх цалкам можна ацаніць як ільготныя. Тэрмін выплаты крэдытаў - 5 гадоў. Першы год - ільготны, адсоткавая стаўка - гадавая стаўка за крэдыце (LRP), устаноўленая Народным банкам Кітая. На сёння аднагадовая стаўка за крэдыты LRP складае 3% гадавых, а пяцігадовая – 3,5%.

Беларускія кампаніі, якія паставяць тэхніку паліцыі і войску Нікарагуа: «Амкадор» і «Белспецзнештэхніка», паведамляюць СМІ. Апошняя лічыцца вядучым прадпрыемствам Беларусі ў галіне экспарту ўзбраенняў.

Чым ёсць дыктатура ў Нікарагуа?

Рэжым у гэтай 6-мільённай дзяржаве называюць «сямейнай дыктатурай» або «мафіёзнай дыктатурай». «Прэзідэнт» Даніэль Артэга кіруе краінай бесперапынна з 2006 года.

Ягоная жонка Расарыё Мурылья шмат гадоў знаходзіцца на пасадзе віцэ-прэзідэнта. Іх шматлікія дзеці - на кіроўных пасадах ва ўладзе і бізнэсе. Пераемніцай з'яўляецца Лаўрэана Факунда Артэга Мурыльё,«дарадца прэзідэнта ў пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва». Ён рэгулярна наведваецца ў Менск.

Пры ўладзе гэтай сям'і (яе сямейнікі знаходзяцца пад шматлікімі заходнімі санкцыямі) Нікарагуа не толькі засталася жабрацкай краінай, але і ператварылася ў жорсткую дыктатуру – з забойствамі, катаваннямі і гвалтоўнымі знікненнямі палітычных апанентаў.

Экспэрты ААН абвінавачваюць рэжым ва «ўчыненні парушэнняў, раўназначных злачынстваі супраць чалавечнасці». Можна зразумець, чаму беларускія ўлады хаваюць, што крэдытуюць і абсталёўваюць войска і паліцыю з гэтай краіны.

Нядаўна дыктатура ў Нікарагуа пайшла яшчэ далей. У студзені парламент краіны ўхваліў канстытуцыйную рэформу, якая акрамя ўразання паўнамоцтваў іншых органаў улады ўсталёўвае сістэму супрэзідэнтства для мужа і жонкі Артэга.

Чакаецца, што хутка Расарыё Мурыльё (СМІ апісваюць яе як «помслівую, зласлівую і вельмі энергічную» чыноўніцу, якая з'яўляецца «выканаўчай рукой» Дуэта) разам з пасадай віцэ-прэзідэнта зойме пасаду супрэзідэнта.

З дэмантажом рэшткаў дэмакратычнай сістэмы ў краіне заканадаўча усталёўваецца дынастычная форма кіравання.

Што яшчэ звязвае рэжым Лукашэнкі з дыктатурай у Нікарагуа?

Мяркуючы з усяго, беларускія ўлады прыйшлі ў гэтую дзяржаву Цэнтральнай Амерыкі па слядах Расеі. Улады РФ даўно супрацоўнічаюць з мясцовай дыктатурай праз свае геапалітычныя мэты.

Год таму, у ліпені 2024-га, Нікарагуа наведала беларуская дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Вынікі перамоў ён назваў «прарыўным» На практыцы яны былі ў тым, што стораны дамовіліся паставіць блізу 700 адзінак беларускай тэхнікі ў Нікарагуа за... крэдыт беларускага Банка развіцця на 79 млн даляраў.

Відавочна, нават такія ўмовы не спрыялі рэалізацыі праекта, бо у красавіку 2025 года ўраду давялося ўкладаць дадатковае пагадненне з Нікарагуа аб экспартных крэдытах на пастаўкі тэхнікі.

Новыя крэдыты для абсталявання войска і паліцыі дыктатуры ў Нікарагуа адкрываюць чарговую цёмную старонку ў замежнапалітычнай актыўнасці рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках