Трамп заявіў, што за 24 гадзіны закончыў вайну Камбоджы і Тайланда
20- 28.07.2025, 18:16
- 3,720
Прэзідэнт ЗША паведаміў, што прадухіліў гібель «мільёнаў людзей».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што прадухіліў гібель «мільёнаў людзей» ва ўзброеным супрацьстаянні Камбоджы і Тайланда, закончыўшы гэты канфлікт за 24 гадзіны. Заява прагучала ў Шатландыі, куды амерыканскі лідар прыбыў у мінулыя выходныя са шматдзённым візітам.
«Гэта мір. Гэта была б вельмі цяжкая вайна... Яна магла б доўжыцца гадамі. Мільёны людзей маглі б загінуць. Мы скончылі вайну – і мы вельмі гэтаму радыя», – сказаў Трамп. Трансляцыю ягонага выступу вёў тэлеканал Sky News.
Кіраўнік Белага дому адзначыў, што калі б не ён, то ў свеце акрамя канфлікту Камбоджы і Тайланда ішлі б цяпер яшчэ пяць буйных войнаў паміж краінамі – гандлёвымі партнёрамі ЗША.
«Я сказаў: “Я не буду заключаць ніякіх гандлёвых пагадненняў, пакуль вы не ўрэгулюеце свае рознагалоссі”», – растлумачыў Трамп, як ён прымусіў бакі канфлікту да перамоваў.
Напярэдадні Тайланд і Камбоджа пагадзіліся на часовае спыненне агню пасля перамоваў, праведзеных у Малайзіі.
Пагадненне аб спыненні агню павінна пачаць дзеянне з поўначы 29 ліпеня паводле мясцовага часу (28 ліпеня 19:00 паводле Менска). Потым, як чакаецца, вайскоўцы канфліктных краінаў правядуць «нефармальную сустрэчу».