У Мядзельскім раёне «патанулы» рыбак вярнуўся па лодку
5- 29.07.2025, 14:54
- 12,496
Незвычайная гісторыя.
Учора ратавальнікі дзвюх станцый у Мядзельскім раёне выехалі на возера Свір. Адтуль паступілі паведамленні пра меркавана затанулага чалавека: на адлегласці блізу 50 метраў ад чароту перакулілася рыбацкая лодка, побач нікога.
Глыбіня ў тым месцы — прыкладна 4 метры. На дне вадалаз выявіў два вудзільны і рыбацкі бот. Ратавальнікі прадоўжылі шукаць патанулага чалавека.
Прадстаўніца ТВНВ Кацярына Міхалёва ўдакладніла onliner.by, што пошукавыя работы вяліся дзве з паловай гадзіны і скончыліся зусім не так, як чакалася: загінулы рыбак «ажыў».
Разам з сябрам ён прыплыў па тую самую лодку. Як высветлілася, за дзень да гэтага ён сапраўды перакуліўся ў ёй, будучы без выратавальнай камізэлькі, але змог самастойна даплысці да берага. Перад ратавальнікамі мужчына таксама з'явіўся без камізэлькі - яму вынеслі папярэджанне.