У Польшчы затрыманыя 32 чалавекі, якія маглі працаваць на расейскую выведку
1- 29.07.2025, 16:13
- 19,320
Сярод іх і беларусы.
Польскія спецслужбы затрымалі 32 чалавекі, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расейскай выведкай, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. "Сярод іх ёсць палякі, расейцы, украінцы, беларусы і грамадзянін Калумбіі. На гэтым спіс не заканчваецца", - сказаў Туск, адкрываючы пасяджэнне Кабінета міністраў.
Паводле ягоных слоў, куратары з Масквы даручылі затрыманым здзяйсняць у краіне «або дыверсійныя акты, або збіццё». Адзін з іх ужо асуджаны, а астатнія чакаюць судовага разбору, паведамляе «Польскае радыё».
Польскі прэм'ер адзначыў, што даручыў распачаць «яшчэ больш інтэнсіўныя і энергічныя дзеянні» для прадухілення рызык і злову «ўсіх тых, хто атакуе польскую дзяржаву, выкарыстоўваючы расейскія сродкі». «Кожны, хто дэстабілізуе польскую дзяржаву або спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю на межах, з'яўляецца, проста ці ўскосна, памагатым расейскіх службаў. І менавіта таму мы будзем дзейнічаць бязлітасна», - падкрэсліў Туск.
Раней Польшча неаднаразова абвінавачвала Маскву ў дзейнасці расейскай выведкі ўнутры краіны. У Варшаве адзначалі, што яе роля ў пастаўках зброі ва Украіну зрабіла краіну мэтай для шпіёнаў і дыверсантаў з боку Расеі.