Джо Байдэн піша мемуары пра свой прэзідэнцкі тэрмін
12- 29.07.2025, 17:47
- 1,622
Назва кнігі і прыблізная дата яе выхаду пакуль не выдаюцца.
46-ы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн працуе над мемуарамі, у якіх распавядзе пра сваю працу ў Белым доме падчас прэзідэнцтва. Назва кнігі і прыблізная дата яе выхаду пакуль не выдаецца.
Кніга выйдзе ў выдавецтве Little, Brown & Co., якое ўваходзіць у склад выдавецкага дома Hachette. Яно набыло правы на выданне мемуараў на аўкцыёне прыкладна за 10 млн даляраў, піша The New York Times.
82-гадовы Байдэн у апошнія месяцы шмат расказвае пра будучую кнігу і спрабуе як мага хутчэй яе скончыць, бо ў сакавіку гэтага года лекары дыягнаставалі ў былога прэзідэнта агрэсіўную форму рака прастаты. Як прызнаўся Бадэн на нядаўнім мерапрыемстве ў Сан-Дыега, ён працуе «як шалёны з выдаўцом». Кніга будзе прысвечаная перыяду ягонага знаходжання на пасадзе прэзідэнта ЗША.
Напісанне мемуараў з'яўляецца стандартнай практыкай для былых прэзідэнтаў ЗША. Але прэзідэнцтва Байдэна асаблівае, бо вялікая яго частка прыпала на пачатак гарачай фазы вайны Расеі супраць Украіны, і, як адзначае выданне, мемуары могуць даць Байдэну шанец змяніць наратыў аб ягоным прэзідэнцтве, а таксама адказаць на пытанні наконт ягонай псіхічнай і фізічнай формы, якіх паўстала нямала падчас прэзідэнцкай кампаніі і апошняга года яго знаходжання ў Белым доме.