Колькі Вусік зарабіў за бой з Дзюбуа
2- 29.07.2025, 21:52
- 9,094
Баксёр стаў самым высокааплатным украінскім спартоўцам года.
Абсалютны чэмпіён свету ў боксе ў цяжкай вазе Аляксандр Вусік мог зарабіць за бой з брытанскім спартоўцам Даніэлем Дзюбуа 19 ліпеня £12,9 млн ($17,5 млн) без выліку ганарараў чальцам каманды. Пра гэта 29 ліпеня паведаміў партал «Чэмпіён» пасля размовы з больш як дзясяткам міжнародных мэнэджараў і экспертаў тэлерынку.
Асноўным артыкулам прыбытку, паводле словаў суразмоўцаў, быў продаж тэлеправоў. У Вялікай Брытаніі трансляцыя каштавала £24,99 ($34), у ЗША – $59,99. У агульнай колькасці атрымалася прадаць блізу 500 тыс. PPV, большую частку – у Вялікай Брытаніі. З улікам камісіі платформы (15–20%) чысты прыбытак быў ацэнены прыкладна на £10 млн. Таксама арыентавальна £2 млн ($2,6 млн) арганізатары паядынку выручылі з продажу прамой трансляцыі тэлекампаніям і медыясэрвісам па ўсім свеце.
Другім у велічыні артыкулам прыбыткаў, паводле падлікаў журналістаў, стаў продаж больш як 90 тыс. квіткоў на стадыён «Уэмблі», дзе праходзіла баксёрская сустрэча. Чысты прыбытак мог скласці прыкладна £10 млн ($13,3 млн). Трэцім – продаж рэкламы падчас івэнту – арыентавальна £1,5 млн ($2 млн).
Паводле падлікаў, сумарны прыбытак вечару склаў блізу £23,5 млн ($31,3 млн). Аднак з гэтай сумы варта адняць £2 млн ($2,6 млн), выдаткаваныя на арэнду стадыёна, ганарары андэркарту, маркетынг, лагістыку, аперацыйную дзейнасць.
Паводле інфармацыі «Чэмпіёна», £21,5 млн ($28,6 млн) аперацыйнага прыбытку каманды Вусіка і Дзюбуа падзялілі паміж сабой у прапорцыі 60% на 40% адпаведна.
Украінскі спартовец атрымаў £12,9 млн ($17,5 млн), але ён яшчэ павінен быў заплаціць ганарары чальцам сваёй каманды.
СМІ адзначыла, што, нягледзячы на артыкулы выдаткаў, Вусік дзякуючы гэтаму паядынку стаў самым высокааплатным украінскім спартоўцам паводле вынікаў 2025 года.