19 снежня 2025, Пятніца, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цунамі праз магутны землятрус на Камчатцы дасягнула берагоў Японіі

1
Цунамі праз магутны землятрус на Камчатцы дасягнула берагоў Японіі

Эвакуацыя праводзіцца ва ўсім Ціхаакіянскім рэгіёне.

У сераду, 30 ліпеня, у акваторыі Ціхага акіяна ля берагоў Камчаткі адбыўся магутны землятрус магнітудай 8,8. Падземныя штуршкі прывялі да частковага разбурэння будынкаў і выклікалі цунамі вышынёй да 4 метраў. Небяспека распаўсюдзілася далёка за межы Расеі — папярэджанні і эвакуацыі былі абвешчаныя ў Японіі, ЗША, на Гаваях і ў іншых краінах рэгіёну, піша Reuters.

Губернатар Камчацкага краю Уладзімір Соладаў назваў землятрус «самым моцным за дзясяткі гадоў». Эпіцэнтр знаходзіўся прыкладна за 119 км на паўднёвы ўсход ад Петрапаўлаўска-Камчацкага, на глыбіні 19,3 км. Адразу пасля асноўнага штуршка адбыўся магутны афтэршокавы землятрус магнітудай 6,9.

Са звестак рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя, некалькі чалавек пацярпелі: адны атрымалі траўмы пры панічных уцёках, адзін чалавек выскачыў з акна, жанчына пацярпела ў будынку новага тэрмінала аэрапорта. У Паўночна-Курыльску часткова затопленыя порт і рыбаперапрацоўчы завод. Таксама пашкоджаны будынак дзіцячага садка. Нягледзячы на маштаб бедства, загінулых няма.

Цунамі вышынёй да 3 метраў дасягнула японскага ўзбярэжжа. Жыхароў прыбярэжных раёнаў тэрмінова эвакуавалі. На поўначы краіны, у Хакайда, людзі хаваліся на дахах будынкаў. Былі прынятыя меры засцярогі на АЭС «Фукусіма», дзе ў 2011 годзе ўжо адбывалася катастрофа праз цунамі, але пагроз і выцекаў радыяцыі не зафіксавана.

На Гаваях абвешчаная эвакуацыя ў нізінных раёнах, жыхарам загадана падымацца як мінімум на чацвёртыя паверхі будынкаў. Нацыянальная служба ЗША выпусціла папярэджанне аб магчымых разбуральных цунамі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама заклікаў людзей сачыць за абнаўленнямі і быць гатовымі.

З прагнозаў, цунамі можа закрануць ўзбярэжжа Расеі, Японіі, Чылі, Эквадора, Саламонавых выспаў і ЗША. У некаторых раёнах магчымыя хвалі ад 1 да 3 метраў. На большай частцы ўзбярэжжа Ціхага акіяна магчымыя нязначныя, але адчувальныя ваганні ўзроўню мора.

Камчатка і Далёкі Усход Расеі размешчаны на Ціхаакіянскім вогненным коле - рэгіёне з высокай сейсмічнай актыўнасцю. Са звестак Расейскай акадэміі навук, гэты землятрус стаў самым магутным з 1952 года. Аднак дзякуючы глыбіні эпіцэнтра інтэнсіўнасць штуршкоў на паверхні была ніжэйшай, чым магла б быць.

Са слоў кіраўніка Камчацкага філіяла геафізічнай службы РАН Данілы Чаброва, чакаюцца афтэршокі, але паўтарэння гэтак моцнага штуршка ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках