Арабскія краіны ўпершыню асудзілі ХАМАС і выставілі патрабаванне
- 30.07.2025, 10:22
- 4,526
Дакумент таксама падпісалі Францыя, Вялікабрытанія, Канада і прадстаўнікі ЕЗ.
Катар, Савудаўская Арабія, Егіпет і яшчэ шэраг арабскіх дзяржаў падпісалі дэкларацыю з патрабаваннем раззброіць ХАМАС і спыніць яго кіраванне ў Сектары Газа.
Пра гэта паведамляе New York Post.
Сярод падпісантаў таксама Францыя, Вялікабрытанія, Канада і прадстаўнікі ЕЗ.
Дакумент быў узгоднены на канферэнцыі ААН, прысвечанай аднаўленню працэсу стварэння дзвюх дзяржаў - Ізраіля і Палесціны.
У дэкларацыі адзначаецца, што пасля заканчэння вайны ў Газе ХАМАС павінен перадаць уладу і зброю Палестынскай адміністрацыі пры падтрымцы міжнароднай супольнасці. Гэта, са слоў аўтараў дакумента, адпавядае мэце стварэння суверэннай і незалежнай палестынскай дзяржавы.
Дакумент таксама асуджае напад ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, які стаў прычынай цяперашняй вайны.
Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро назваў дэкларацыю «гістарычнай і беспрэцэдэнтнай», падкрэсліўшы, што ўпершыню арабскія краіны і дзяржавы Блізкага Усходу публічна асудзілі дзеянні ХАМАС, заклікалі да яго раззбраення і выключэння з кіравання Газай, а таксама заявілі пра гатоўнасць нармалізаваць стасункі з Ізраілем.
Сярод пунктаў дэкларацыі - магчымасць размяшчэння міжнароднай стабілізацыйнай місіі ў Газе пасля заканчэння баявых дзеянняў. Такая місія можа быць накіраваная на запрашэнне Палестынскай адміністрацыі, з мандатам ААН.
Адзначаецца, што Ізраіль і ЗША ўдзелу ў канферэнцыі не бралі.