Беларусам на вока: ЕЗ зменіць правілы ўезду для замежнікаў
- 30.07.2025, 15:52
- 13,942
Новыя правілы ўвойдуць у дзеянне з 12 кастрычніка.
Электронная сістэма памежнага кантролю (ЕЕЅ) запрацуе ў Еўразвязе 12 кастрычніка. Усе краіны ЕЗ павінны ўкараніць яе цягам шасці месяцаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Еўракамісіі.
Сістэма будзе ў лічбавым выглядзе рэгістраваць уезды і выезды грамадзян дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ, якія ўязджаюць у 29 еўрапейскіх краін, уключаючы краіны Шэнгенскага пагаднення.
Распаўсюджвацца новы тып рэгістрацыі будзе на тых, хто прыбыў у Еўропу з кароткатэрміновым візітам. Напрыклад, на адпачынак.
Укараненне сістэмы дазволіць не ставіць пячаткі аб уездзе і выездзе ў пашпартах. Да заканчэння пераходнага перыяду краіны ЕЗ яшчэ могуць працаваць паводле звыклай схеме.
Пры першым перасячэнні мяжы па новай сістэме ўсе беларусы, якія ўязджаюць, павінны прайсці пэўную працэдуру.
Афіцэр будзе сканаваць адбіткі чалавека і рабіць фатаграфію твару. Гэтая інфармацыя будзе запісаная ў лічбавы файл.
У залежнасці ад месца, на некаторых памежных пераходах могуць быць устаноўленыя сістэмы самаабслугоўвання.
Далей памежнікі будуць толькі спраўджваць адбіткі пальцаў і фатаграфію з тымі, якія былі запісаныя ў першы раз. У некаторых выпадках спатрэбіцца сабраць звесткі паўторна.
Еўрапейцы чакаюць, што EES дазволіць сістэматычна выяўляць асоб, якія парушылі правілы знаходжання, а таксама выпадкі махлярства з дакументамі і пасведчаннямі асобы.