Рэжым Лукашэнкі прыкрывае карупцыянераў
7- 30.07.2025, 17:54
- 9,516
У калоніі адправілі толькі 27% тых, хто трапіўся на хабарах.
Вярхоўны суд Беларусі апублікаваў статыстыку судоў аб карупцыі ў першым паўгоддзі 2025 года. Усяго прысуды былі вынесеныя 304 карупцыянерам.
Нягледзячы на строгае заканадаўства, самае частае пакаранне для карупцыянераў - адтэрміноўка пакарання. Яго атрымалі 104 чалавекі. За імі будуць назіраць год-два. І калі ў сілавікоў прэтэнзій да іх не будзе, то і адбываць пакаранне не трэба.
84 карупцыянеры (27%) былі прысуджаныя да адбыцця пакарання ў калоніях.
80 чалавек адправілі на «хатнюю хімію».
20 карупцыянераў атрымалі ўмоўныя тэрміны.
7 чалавек паедуць на «хімію» з накіраваннем.
Што надумалі рабіць яшчэ з 9 карупцыянерамі, не паведамляецца. Як мінімум адзін з іх адкараскаўся толькі штрафам.
Пад карупцыйнымі злачынствамі маюць на ўвазе крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару, перавышэнне ўлады, злоўжыванне ўладай, дачу хабару, бяздзейнасць улады, пасярэдніцтва ў хабарніцтве.