Чэхія рыхтуе для Украіны новыя пакеты вайсковай дапамогі
1- 30.07.2025, 20:26
- 1,912
З СПА і РЭБамі.
Чэхія рыхтуе для Украіны новыя пакеты вайсковай дапамогі. Размова ідзе пра істотнае ўзмацненне ў сферы супрацьпаветранай абароны, радыёэлектроннай барацьбы і дальнабойных магчымасцяў. Пра гэта паведаміў міністр абароны Украіны Дзяніс Шмыгаль паводле вынікаў сустрэчы з дарадцам прэм'ер-міністра Чэхіі Томашам Поярам.
Паводле словаў Шмыгаля, падчас сустрэчы яны з Поярам засяродзіліся на абмеркаванні найбольш надзённых запатрабаванняў украінскага войска.
«Асаблівы фокус – на пастаўках боепрыпасаў. Чэшская ініцыятыва стала надзвычай важным інструментам пастаўкі снарадаў ключавых калібраў. Падрабязна абмеркавалі будучыя пастаўкі: канкрэтныя графікі і планы, як на гэты год, так і ў 2026 годзе», – расказаў Шмыгаль.
Асобна бакі абмеркавалі супрацоўніцтва ў сферы абароннай прамысловасці. Міністр адзначыў, што супольныя прадпрыемствы запускаюцца, а шэраг праектаў ужо рэалізуецца.
«Сярод іншага ў вытворчасці снарадаў і вінтовак Bren 2 ва Украіне. З чэшскай дэлегацыяй прааналізавалі магчымасці запуску новых праектаў у Чэхіі з удзелам асноўных украінскіх кампаній для падтрымкі Сілаў абароны Украіны», – сказаў ён.
У сваю чаргу чэшскі бок праінфармаваў кіраўніка Мінабароны пра падрыхтоўку новых пакетаў ваеннай дапамогі.