Кіраўнік МЗС Чэхіі адрэагаваў на ўключэнне ў спіс «русафобаў»
5- 30.07.2025, 21:39
- 3,120
Ян Ліпоўскі заявіў, што яго «непакоіць Пуцін, ягоны пуцінізм, ягоная імперская палітыка».
Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпоўскі пасля з'яўлення ў спісе «русафобаў» заявіў, што выступае супраць імперскай палітыкі расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і не выкарыстоўвае мову нянавісці ў дачыненні да РФ. Пра гэта кіраўнік чэшскай дыпламатыі расказаў у каментары ČTK.
Міністэрства замежных справаў РФ уключыла Ліпоўскага ў так званы спіс «русафобаў» праз ягоную заяву ад 5 студзеня, калі ён назваў Пуціна дыктатарам, які не прызнае ўкраінцаў як нацыю, а Украіну як дзяржаву.
У іншай заяве ад 14 траўня, якую акупанты ўважаюць за русафобскую, кіраўнік МЗС Чэхіі на брыфінгу перад нефармальнай сустрэчай міністраў замежных справаў NATO ў Турцыі заявіў, што хаўруснікі павінны чарговы раз вызначыць Расею як самую сур'ёзную прамую пагрозу еўраатлантычнай прасторы.
У адказ на ўключэнне яго ў спіс «русафобаў» міністр заявіў, што ён не выкарыстоўвае мову нянавісці супраць Расеі, але яго непакоіць імперская палітыка Пуціна.
«Я не выкарыстоўваю мову нянавісці да Расеі ці расейцаў. Мяне турбуе Пуцін, ягоны пуцінізм, ягоная імперская палітыка, якая праяўляецца ў захопніцкай вайне супраць Украіны, цэлай серыі дыверсій у Чэхіі ці інфармацыйнай вайне. Ці, магчыма, кібератаках супраць нас і нашых найбліжэйшых хаўруснікаў», — сказаў Ліпоўскі.
Кіраўнік дыпламатыі дадаў, што ягоныя планы адпачынку ў Крыме не зменяцца, таму што Крым — гэта Украіна, маючы на ўвазе сваю заяву ў 2023 годзе падчас бунту тэрарыстаў Вагнера ў Расеі.
«Таму забарона на паездкі ў Расею мяне ніякім чынам не датычыцца», — акцэнтаваў Ліпоўскі.