Архіў ФРГ: Пуцін яшчэ ў 1994 годзе прэтэндаваў на Крым і Казахстан
5- 31.07.2025, 18:36
- 18,388
Пра гэта сведчыць апублікаваны запіс генконсула Нямеччыны ў Санкт-Пецярбургу.
Уладзімір Пуцін яшчэ ў 1994 годзе выказваў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расеі на Крым, Усходнюю Украіну і Паўночны Казахстан. Пра гэта піша ў чацвер, 31 ліпеня, нямецкі часопіс Der Spiegel са спасылкай на архіўныя дакументы МЗС Нямеччыны.
Пуціна цытаваў генконсул ФРГ
21 ліпеня 2025 года ў продаж выйшаў чарговы том зборніка «Дакументы аб знешняй палітыцы ФРГ». Яго выпускае Інстытут найноўшай гісторыі ў Мюнхене (Institut für Zeitgeschichte). Новы том прысвечаны першаму паўгоддзю 1994 года, перадае DW.
Журналісты Der Spiegel, якія азнаёміліся з кнігай, пішуць, што ў адным з дакументаў прыводзіцца цыдулка генеральнага консула ФРГ у Санкт-Пецярбургу. 14 студзеня 1994 года ён запісаў, што Пуцін «выразна» паўтарыў яму тое, што казаў і раней.
Пуцін аб прэтэнзіях да Украіны і Казахстана
«З ягоных слоў, Крым, Усходняя Украіна і Паўночны Казахстан — як мінімум гэтыя раёны — ніколі не былі для Расеі замежнымі, а заўсёды былі часткай расейскай тэрыторыі. Ніводнаму рускаму нібыта немагчыма растлумачыць, чаму гэта цяпер іншая краіна», — такія словы Пуціна прывёў нямецкі дыпламат.
Паводле яго запісу, Пуцін тады звярнуў увагу на нейкае нацыянальнае пачуццё рускіх, якое немцам, «напэўна, цяжка зразумець».
Пуцін працягнуў, што «праблем няма», калі эканамічнае і сацыяльнае становішча расейцаў ва Украіне і Казахстане здавальняючае. Але, паводле ацэнкі Пуціна, гэта было не так, што, паводле яго слоў, гуляла на руку расейскім палітыкам-нацыяналістам, такім як Уладзімір Жырыноўскі.
Краіны Захаду «дрэнна інфармаваныя, калі называюць адраджэннем расейскага імперыялізму тое, што з'яўляецца толькі апраўданым успрыманнем расейскіх інтарэсаў», — цытаваў далей Пуціна нямецкі дыпламат.
У 1994 годзе Пуцін працаваў на Анатоля Сабчака
Паводле адкрытых звестак, генеральным консулам ФРГ у Санкт-Пецярбургу ў 1991–1995 гадах быў Эберхард фон Путткамер. Ён памёр у 2019 годзе.
Пуцін у 1994 годзе працаваў на кіруючых пасадах ва ўрадзе Санкт-Пецярбурга, якім тады кіраваў Анатоль Сабчак. Той актыўна развіваў адносіны з Захадам, але абвінавачваў улады Украіны ў нацыяналізме і таксама казаў, што Крым павінен належаць Расіі. Сабчак сцвярджаў, што пасля распаду СССР ягоныя рэспублікі павінны вярнуцца да становішча снежня 1922 года, калі быў заснаваны Савецкі Саюз.