ЗША ўвялі санкцыі супраць Палестынскай адміністрацыі
- 31.07.2025, 19:03
- 2,058
Праз падтрымку тэрарызму і адмову прызнаць права Ізраіля на існаванне.
Улады ЗША ўвялі санкцыі супраць Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі (ПНА) і Арганізацыі вызвалення Палестыны (ААП). Паведамленне пра гэта апублікаванае ў чацвер, 31 ліпеня, на сайце Дзярждэпартамента ЗША.
Дэярждэп абвінаваціў ПНА і ААП у тым, што яны не выконваюць дамоўленасці з ЗША ад 1989 і 2002 гадоў, паводле якіх дыялог Вашынгтона з імі магчымы толькі ў выпадку, калі яны прызнаюць права Ізраіля на існаванне. ЗША таксама абвінавацілі ПНА і ААП у парушэнні рэзалюцый Савета бяспекі ААН №242 і 338, прынятых пасля араба-ізраільскіх войн 1967 і 1973 гадоў.
ЗША незадаволеныя і тым, што ПНА і ААП "прымаюць дзеянні па інтэрнацыяналізацыі свайго канфлікту з Ізраілем", звяртаючыся ў міжнародныя суды. Вашынгтон таксама лічыць, што гэтыя арганізацыі "працягваюць падтрымліваць тэрарызм, падбухторваюць да гвалту і яго ўслаўляюць (асабліва ў падручніках), а таксама падаючы выплаты і льготы ў падтрымку тэрарызму палестынскім тэрарыстам і іх сем'ям".
Новыя санкцыі, паводле паведамлення Дзярждэпа, у тым, што чальцам ПНА і ААП не будуць выдаваць візы ў ЗША.
ПНА, якая называе сябе “Дзяржава Палестына”, кантралюе толькі часткі Заходняга берага ракі Іярдан. Яе “сталіца” знаходзіцца ў горадзе Рамалах. Кіраўнік ПНА Махмуд Абас узначальвае і ААП.
ПНА прэтэндуе і на сектар Газа, але там уладу ў 2007 годзе захапіла тэрарыстычная групоўка ХАМАС.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 31 ліпеня, што яна мусіць скласці зброю. "Самы хуткі спосаб пакласці канец гуманітарнаму крызісу ў Газе - гэта калі ХАМАС складзе зброю і вызваліць закладнікаў", - напісаў Трамп. Падобную пазіцыю раней у чацвер агучыў кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёхан Вадэфуль.
Сітуацыя на Блізкім Усходзе рэзка абвастрылася 7 кастрычніка 2023 года. Радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС, прызнаны ў Еўразвязе і ЗША тэрарыстычным, здзейсніў маштабную атаку на Ізраіль. Баявікі нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі, уварваліся на яго тэрыторыю і ўчынілі самую масавую расправу над мірным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы, забіўшы каля 1200 чалавек. Баевікі таксама захапілі больш за 250 закладнікаў і вывезлі іх у сектар Газа. Частку закладнікаў абмянялі або вызвалілі, частка загінула.
Ізраіль у адказ аб'явіў вайну ХАМАС.