ЗША правялі новы раўнд перамоваў з РФ датычна Украіны і паведамілі пра поўную адсутнасць прагрэсу
7- 31.07.2025, 21:29
- 10,708
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа раскрыў дэталі.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў гутарцы з Fox News паведаміў пра непублічныя перамовы паміж расейскім і амерыканскім бакамі, якія адбыліся на гэтым тыдні. Паводле ягоных словаў, Уладзімір Пуцін у дыялогу не ўдзельнічаў, але ў ім былі задзейнічаныя іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Крамля.
Амерыканская адміністрацыя, як адзначыў Рубіа, спадзявалася на «некаторае ўзаемаразуменне» у пошуку шляхоў да мірнага ўрэгулявання ва Украіне, але ў выніку «хоць якога прагрэсу ў гэтым кірунку дамагчыся не ўдалося». «І менавіта гэта, як я думаю, непакоіць прэзідэнта [Дональда Трампа] больш за ўсё», – заявіў кіраўнік Дзярждэпу.
Рубіа падкрэсліў, што ЗША ўважаюць за найлепшае выйсце з сітуацыі неадкладнае спыненне агню і пачатак перамоваў. Аднак, паводле ягоных словаў, з боку Масквы не было прадэманстравана «шчырай зацікаўленасці» ў пошуку дыпламатычнага выйсця, і ў сувязі з гэтым Трамп гатовы ўжыць захады, калі да 8 жніўня не будзе дасягнуты адчувальны прагрэс.
Як растлумачыў Рубіа, у прэзідэнта ЗША «ёсць мноства варыянтаў ціску». Сярод магчымых захадаў ён назваў увядзенне другасных санкцый на продаж расейскай нафты, якая складае істотную частку прыбыткаў краіны, а таксама банкаўскія і сектаральныя санкцыі. «Спадзяемся, што да гэтага не дойдзе і атрымаецца знайсці шлях да спынення баявых дзеянняў», – дадаў дыпламат.
14 ліпеня Дональд Трамп публічна запатрабаваў ад Расеі закончыць агрэсію супраць Украіны цягам 50 дзён. Аднак неўзабаве ён узмацніў жорсткасць рыторыкі, выказаўшы «глыбокае расчараванне» дзеяннямі Уладзіміра Пуціна, які прадаўжае абвастраць ваенны канфлікт ва Украіне, нягледзячы на намаганні Белага дому.
29 ліпеня Трамп скараціў тэрмін ультыматуму, даўшы Маскве дзесяць дзён на спыненне вайны. 31 ліпеня намеснік часовага паверанага ў справах ЗША пры ААН Джон Келі пацвердзіў: Вашынгтон чакае, што баявыя дзеянні будуць поўнасцю спыненыя да 8 жніўня. У адваротным выпадку прэзідэнт ЗША паабяцаў увесці 100-адсоткавыя мыты на гандаль з Расеяй, а таксама супраць тых краінаў, якія прадаўжаюць эканамічнае супрацоўніцтва з ёю.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у адказ заявіў, што Расея не мае намеру згортваць ваенныя дзеянні, нягледзячы на патрабаванні ЗША. Пры гэтым ён падкрэсліў, што расейская эканоміка нібыта ўжо адаптавалася да заходніх санкцый і «выпрацавала імунітэт».