«Раней жылі сярод дрэў, цяпер - сярод пнёў»
12- 1.08.2025, 10:38
- 5,140
Жыхар Менска паскардзіўся на катастрафічную высечку лясоў каля Уручча.
Дваццаць гадоў таму мая сям'я пасялілася ва Уруччы. Выдатнае месца - побач лес, метро, уся інфраструктура. А каб адчуваць сябе яшчэ ўтульней, мы прыкупілі лецішча пад Лагойскам, - піша ў рэдакцыю Charter97.org чытач Арцём.
Гады ішлі, а нашы варункі ўсё пагаршаліся: ля нашага дому праклалі новую дарогу ды зрабілі святлафор. Цяпер зранку мы дыхаем выдыховымі газамі ды слухаем шорганне шын. А замест лесу пачаў паўставаць новы квартал Менска. Ведама ж, невялікі лапік лесу ў нас пакуль яшчэ ёсць, але я ўжо пачаў сумнявацца, ці штосьці ад яго ўвогуле застанецца.
Таму з тлуму сталіцы ўцякаем сям’ёй у пятніцу на лецішча. Там пабудавалі добры дамок з усімі выгодам,і ды яшчэ і лазню. Я вельмі люблю хадзіць па лясох ды збіраць ягады, грыбы. Але і тут бяда: лес пачалі паціху секчы. Спачатку неяк не стала яго ля нашага садовага таварыства. А гэта значыць, што ўжо не можаш сабе ўскочыць у шлапакі, узяць бляшанку піва ды прабегчыся першым па лесе па сваіх грыбных мясцінках.
Цяпер выправа ў ягады і грыбы — гэта ўжо іншага ўзроўню падрыхтоўка. Трэба сядаць у аўтамабіль і ехаць. Дык вось з кожным годам ехаць з лецішча да лесу становіцца ўсё далей і далей. Жонка жартуе, што даўней жылі сярод дрэў, а цяпер — сярод пнёў.
Лясны масіў у Беларусі, напэўна адзін з самых вялікіх у Еўропе, але такім тэмпамі продажу драўніны неўзабаве мы станем краем бясконцых пустак.
Абшары ж высечанага лесу зарастаюць кустоўем ды сумнікам. Ад гэта на душы яшчэ больш паскудна. Бо на нашых вачах раскрадаецца багацце нашай краіны.