Індыя пачала набываць амерыканскую нафту замест расейскай
1- 1.08.2025, 21:21
- 10,670
Нью-Дэлі адмовіўся ад нафты з РФ пасля пагрозаў Трампа.
Найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Індыі набыў мільёны бараляў нафты ў ЗША і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў на фоне ўзмацнення ціску з боку Вашынгтона і еўрапейскіх краінаў, незадаволеных прадаўжэннем імпарту расейскай нафты. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы сярод трэйдараў. Паводле звестак агенцтва, дзяржаўная кампанія Indian Oil Corporation набыла не менш за 5 млн бараляў амерыканскай нафты, а таксама атрымала 2 млн бараляў сыравіны з ААЭ.
«Мы разглядаем рост актыўнасці Індыі на рынку як крок да дыверсіфікацыі паставак і зніжэння залежнасці ад расейскіх аб'ёмаў», – заявіла Bloomberg Лівія Галараці, кіраўніца аддзела глабальных паставак сырой нафты ў кансалтынгавай кампаніі Energy Aspects. Яна падкрэсліла, што, нягледзячы на скепсіс датычна таго, ці ўвасобіць у жыццё прэзідэнт ЗША Дональд Трамп свае пагрозы ўвесці дадатковыя мыты супраць пакупнікоў расейскіх энэргарэсурсаў, фізічныя гульцы наўрад ці будуць рызыкаваць, набываючы нафту з Расеі, асабліва на фоне высокіх коштаў.
На гэтым тыдні (28 ліпеня – 3 жніўня) Indian Oil Corporation правяла адразу некалькі тэндараў на пастаўку нафты запар, што трэйдары назвалі нетыповым для кампаніі і расцанілі як прыкмету павышанага попыту на сыравіну. Акрамя таго, кампанія набыла 4 млн бараляў заходнеафрыканскай нафты і партыю гатунку Murban з ААЭ.
Паводле словаў Галараці, набыццё амерыканскай нафты замест Murban для паставак у лістападзе дае індыйскім НПЗ магчымасць зарабляць на $3 больш з кожнага бараля. «Моцная пакупніцкая актыўнасць Індыі ў Атлантычным басейне адназначна падтрымлівае [сусветныя] кошты нафты», – дадала яна.
За апошнія два тыдні індыйскія НПЗ апынуліся ў цэнтры міжнароднай увагі пасля рэзкай крытыкі з боку Еўразвязу і ЗША за прадаўжэнне набыцця расейскай нафты, што, як адзначаюць на Захадзе, спрыяе фінансаванню вайны РФ супраць Украіны.
Раней Дональд Трамп зацвердзіў 25-адсоткавыя тарыфы на імпарт з Індыі і прыгразіў увесці 100-адсоткавыя мыты супраць краінаў, якія прадаўжаюць набываць расейскую нафту, калі Расея не спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне да 8 жніўня.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Індыя стала найбуйнейшай сусветнай пакупніцай расейскай нафты: за некалькі гадоў краіна нарасціла набыццё практычна з нуля да трэці ўсяго імпарту, аддаючы прыярытэт марцы Urals на шкоду традыцыйным пастаўшчыкам з Блізкага Усходу і з Афрыкі.
14 ліпеня Трамп прыгразіў увесці 100-адсоткавыя мыты ў дачыненні да краінаў, якія набываюць расейскія энэргарэсурсы, калі вайна ва Украіне не закончыцца цягам 50 дзён. Пазней, 29 ліпеня, ён узмацніў жорсткасць умоваў, скараціўшы тэрмін да 10 дзён – да 8 жніўня – патлумачыўшы гэта «глыбокім расчараваннем» у дзеяннях Уладзіміра Пуціна, які прадаўжае эскалацыю канфлікту нягледзячы на намаганні ЗША.
На фоне гэтых заяваў адразу чатыры дзяржаўныя індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія забяспечваюць больш як 60% перапрацоўчых магутнасцяў краіны, спынілі набыццё расейскай нафты. Гаворка ідзе пра Indian Oil Corp, Hindustan Petroleum Corp, Bharat Petroleum Corp і Mangalore Refinery Petrochemical Ltd, якія раней актыўна працавалі з расейскай сыравінай.