WP: Саступак Пуціну на Алясцы не будзе
11- 10.08.2025, 12:04
- 13,646
Трамп нават месца абраў сімвалічнае.
У пятніцу кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правядуць саміт на тэрыторыі амерыканскага штата Аляска. Гэта стане першай паездкай расейскага лідара ў ЗША з 2007 года. Расейцы цешацца запрашэннем Пуціна ў ЗША, але не прадугледжваюць ніякіх саступак па Украіне, піша The Washington Post.
Спецыяльны эканамічны пасланнік Расеі Кірыл Дзмітрыеў назваў правядзенне саміту ў рэгіёне, які калісьці быў расейскай тэрыторыяй, «знакавым».
«Народжаная як Руская Амерыка – праваслаўныя карані, фарты, гандаль пушнінай – Аляска нагадвае гэтыя сувязі і робіць ЗША арктычнай краінай», – напісаў Дзмітрыеў у сацсетцы X.
Крэмль не прадэманстраваў гатоўнасці да саступак у вайне супраць Украіны. Аналітыкі мяркуюць, што нягледзячы на перамовы, расейскія мэты, прынамсі, дэмілітарызацыя Украіны і яе выхад з арбіты NATO - застаюцца нязменнымі.
Старэйшы аналітык Цэнтра Карнэгі Таццяна Станавая адзначыла: «Трамп не хацеў уступаць у канфрантацыю з Расеяй...Мы маглі бачыць, што ён адкрыты да новай спробы, і зрабіў яе толькі за некалькі дзён да заканчэння свайго ультыматуму».
Тым часам былы высокапастаўлены крамлёўскі чыноўнік ананімна пацвердзіў, што Масква разглядае магчымасць спынення агню, але толькі часовага характару:
«Палітычна Крамлю лягчэй працягваць вайну да канчатковага краху Украіны, чым укласці мір».
Заходнія эксперты насцярожана адрэагавалі на выбар месца сустрэчы.
Майкл Макфал, былы амбасадар ЗША ў Расеі, напісаў у X: «Трамп надумаў прыняць Пуціна ў частцы былой Расейскай імперыі...Цікава, ці ведае ён, што расейскія нацыяналісты ўважаюць страту Аляскі, як і Украіны, гістарычнай несправядлівасцю, якую варта выправіць».
Прафесар Сэм Грын з Каралеўскага каледжа Лондана дадаў, што сімволіка правядзення саміту на Алясцы жудасная - «нібыта ён (саміт - УНІАН) мае на мэце прадэманстраваць, што межы могуць мяняцца, зямлю можна купляць і прадаваць», - дадаў ён.
Раней Трамп неаднаразова хваліў Пуціна, аднак у апошнія тыдні выказваў расчараванне нежаданнем Крамля пагадзіцца на поўнае спыненне агню. Аналітыкі ў Маскве мяркуюць, што менавіта Трамп быў ініцыятарам саміту, што можа сведчыць аб ягонай адкрытасці да кампрамісаў.