9 снежня 2025, aўторак, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка моцна пагарэў на сяле

22
Лукашэнка моцна пагарэў на сяле
Фота: gazetaby.com

Дырэктыва, названая «рэформай сельскай гаспадаркі», не выратавала ад уцёкаў спецыялістаў.

«Салідарнасць» узгадвае, як лукашэнкаўскія чыноўнікі абяцалі вёсцы заробкі не ніжэйшыя за сярэдні па краіне. І што выйшла.

У Берасцейскай вобласці ў першым паўгоддзі 2025-га праз суды прайшлі 62 выпускнікі, якія не з'явіліся на месца працы па размеркаванні. Суды спагналі з іх у бюджэт больш за 650 тысяч рублёў.

Сярод адмоўнікаў былі і выпускнікі сельскагаспадарчых навучальных устаноў, а таксама маладыя спецыялісты іншых прафесій, накіраваныя на адпрацоўку ў аграпрадпрыемствы.

Практыка паказвае, што часцей за ўсё выпускнікі адмаўляюцца ехаць па размеркаванні ў сельскую мясцовасць - праз малыя заробкі і адсутнасць аптымальных бытавых умоў.

І тут у тых, хто памятае, колькі намаганняў улады прыклалі для развязання гэтай праблемы, узнікае пытанне: што пайшло не так? Для тых, хто не ведаў ці забыўся, мы сцісла нагадаем, як усё было. І вернемся для гэтага на 11 гадоў таму назад.

Увесну 2014-га ўлады анансавалі падпісанне Дырэктывы №5 пад назвай «Аб захадах падвышэння канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчых арганізацый і прэстыжу працы ў аграпрамысловым комплексе».

Тагачасны міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц падаваў будучы дакумент ці ледзь не як аснову для рэформы сельскай гаспадаркі. Але далей паведамленняў аб тым, што праект дырэктывы знаходзіцца на разглядзе ў Лукашэнкі, справа ў тым годзе не пайшла.

У 2015-м дырэктыва пад нумарам пяць усё ж была падпісаная, але да сельскай гаспадаркі і павышэння прэстыжу працы ў АПК яна не мела ніякага дачынення, што вынікала з адной назвы дакумента - «Аб развіцці двухбаковых дачыненняў Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».

Ці то справы ў сельскай гаспадарцы ітмкліва пайшлі ўгору, альбо на фоне млявай вайны на Данбасе ў Лукашэнкі з'явіліся важнейшыя задачы.

Аб «рэформе» не ўспаміналі некалькі гадоў. У сакавіку 2019-га міністр Заяц пасля скандалу з не вельмі чыстымі каровамі ў Шклоўскім раёне пазбавіўся пасады. Гэта здарылася праз лічаныя тыдні пасля падпісання шостай дырэктывы.

Яна якраз і была прысвечаная сельскай гаспадарцы, хоць і атрымала новую назву - «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны».

Васьмістаронкавы дакумент змяшчаў папулярныя ва ўладаў сцвярджэнні аб тым, што Беларусь уваходзіць у сусветную пяцёрку экспарцёраў малочнай прадукцыі і ў дзясятку — мясной.

На думку аўтараў дырэктывы, за 2017 год, мы апярэджвалі ўсе краіны СНД па вытворчасці абсалютнай большасці тыпаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва.

І так, новая дырэктыва абяцала штогадовы рост заробкаў у АПК «да ўзроўню, не ніжэйшага за сярэдні заробак па краіне». Агулам, урадам і аблвыканкамам прадпісвалася «безумоўнае выкананне планаў развіцця і добраўпарадкавання» сельскіх населеных пунктаў у рамках праекта «Вёска будучыні».

Адным словам, жыві ў вёсцы, працуй і радуйся штогадоваму росту заробку і падвышэнню дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Але, як мы бачым сёння, нешта не спрацавала. І пачаліся збоі ў сістэме задоўга да прыняцця «выратавальнай» дырэктывы.

Тады, у сакавіку 2019-га, пасля наведвання фермы ў аграхолдынгу «Купалаўскае», Лукашэнка па-прароцку параўнаў умовы ўтрымання кароў на тамтэйшай ферме з Асвенцымам. На хвіліначку, гаворка ішла аб гаспадарцы, якую з яго ж падачы збіраліся зрабіць адной з вітрын, узорным калгасам.

Што ж тады было казаць аб гаспадарках, якім з увагай уладаў пашанцавала значна менш? Сёння дыктатар і сам не ўтойвае ўзровень катастрофы, публічна заяўляючы аб гістарычным маштабе памораку буйной рагатай жывёлы. А ў свінагадоўлі справы ідуць яшчэ горш.

Шэсць гадоў таму аўтары дырэктывы з гонарам расказвалі пра забяспечанасць кожнага беларуса бульбай «на зайздрасць усяму СНД». За 2024-ы вытворчасць «другога хлеба» знізілася ніжэй за ўзровень 1913 года. Нават у першым паваенным 1945-м вырасцілі амаль удвая больш бульбы, чым у «мірнай» Беларусі эпохі позняга Лукашэнкі.

Не дзіўна, што маладыя спецыялісты рызыкуюць, аддаючы перавагу адпрацоўцы дыплома ў бесперспектыўнай глушы суду і «кантрыбуцыі» на карысць бюджэту. І цалкам лагічна на фоне нарастаючых праблем у галіне выглядае адток ахвочых вучыцца ў аграрных ВНУ.

Але ўлады, якія відавочна разумеюць, што саступаюць сваю бітву за сяло, звыкла выкарыстоўваюць пугу, адмовіўшыся ад пернікаў. У ход ідуць абяцанні ўзаконіць «прыгоннае права» і пагрозы ўзмацніць жорсткасць умовы адпрацоўкі «бясплатнай» адукацыі.

Чым скончыцца чарговая спроба прымусіць людзей працаваць з-пад палкі, нескладана здагадацца. Пагатоў, што перад вачыма прыклад Савецкага Саюза, які Лукашэнка і ягонае асяроддзе спрабуюць аднавіць.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках