Шаранговіч паставіў двухгадовага сына на канькі
3- 10.08.2025, 13:26
- 2,228
Нападнік Calgary Flames разам з сям'ёй зараз знаходзіцца ў Менску.
Нападнік Calgary Flames беларус Ягор Шаранговіч паказаў, як знаёміць сына Хрысціяна з лёдам. Відэа з малым бацькі выклалі ў Instagram.
«Так і запішам у Вікіпедыю: пачаў хакейную кар'еру ў два гады, на першай трэніроўцы пачаў з бегавых практыкаванняў», - пракаментавала жонка хакеіста Дар'я.
Сям'я Шаранговічаў зараз знаходзіцца ў Менску. А катаецца маленькі Крыс у Раўбічах. Нагадаем, першынец хакеіста з'явіўся на свет у снежні 2022 года.
Ягор Шаранговіч - 27-гадовы ўраджэнец беларускай сталіцы, цэнтральны нападнік клуба Calgary Flames у НХЛ.
Гэты сезон для Шаранговіча стаў менш паспяховым, чым папярэдні. У 73 матчах ён набраў 32 (17+15) балы. У сезоне-2023/24 паказнікі Ягора былі вышэйшыя: 59 (31+28) балаў.
У апошнім матчы апошняй «рэгуляркі» каманда беларуса перамагла, але гэта ўсё адно не дапамагло ёй прайсці ў плэй-оф. «Флэйм» засталіся па-за гэтай зонай трэці сезон запар.