У Балгарыі патануў знакаміты расейскі тэатральны рэжысёр Юрый Бутусаў
4- 10.08.2025, 16:18
- 19,232
Яму было 63 гады.
У Балгарыі падчас адпачынку трагічна загінуў вядомы расейскі тэатральны рэжысёр Юрый Бутусаў. Яму было 63 гады.
Бутусаў патануў падчас купання ў моры ў раёне горада Сазопаль, дзе рэжысёр адпачываў разам з сям'ёй. Падрабязнасці трагедыі агучыў тэатральны крытык Раман Далжанскі: «Пайшоў у мора. Хваля збіла і аднесла. Аднесла ад усіх. Ад нас. Ад сям'і. У Сазаполі. Цела ў Бургасе…»
Бутусаў быў адным з самых вядомых рэжысёраў Расеі. Яго творчая кар'ера пачалася ў 1996 годзе са студэнцкай пастаноўкі «В ожидании Годо». У 2000-х гадах ён працаваў у маскоўскім «Сатириконе», дзе стварыў пастаноўкі «Ричард III», «Король Лир», «Чайка».
З 1996 года Бутусаў супрацоўнічаў з тэатрам імя Ленсавета ў Санкт-Пецярбургу, у 2011 годзе стаў ягоным галоўным рэжысёрам.
У 2018 годзе ён пакінуў гэты тэатр і ўзначаліў тэатр імя Вахтангава ў Маскве. Таксама працаваў у МХТ імя Чэхава, Маскоўскім тэатры імя Пушкіна, а таксама ў тэатрах Паўднёвай Карэі і Еўропы.
У лістападзе 2022 года рэжысёр звольніўся з тэатра імя Вахтангава, заявіўшы, што знаходзіцца ў Парыжы і не можа працягваць працу.
Пасля гэтага ён працаваў за мяжой і адкрыта выступаў супраць вайны ва Украіне. У Вільні Бутусаў паставіў спектакль «Розенкранц и Гильденстерн мертвы» паводле п'есы Тома Стопарда, у Рызе — «Гоголь. Портрет».