9 снежня 2025, aўторак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расею падазраюць у дыверсіі - забруджванні азербайджанскай нафты для Еўропы

9
Расею падазраюць у дыверсіі - забруджванні азербайджанскай нафты для Еўропы

Гэта магло прывесці да сур'ёзных пашкоджанняў НПЗ у Румыніі.

Румынскія ўлады падазраюць, што Расея правяла гібрыдную аперацыю па наўмыснаму забруджванню вялікага аб'ёму азербайджанскай нафты, якая пастаўляецца ў Турцыю па нафтаправодзе "Баку - Тбілісі - Джэйхан", а затым на танкерах транспартуецца ў Еўропу. Праз высокую канцэнтрацыю хлору выкарыстанне забруджанай нафты магло прывесці да сур'ёзных пашкоджанняў НПЗ і паліўнага крызісу ў Румыніі, піша "Агенцтва" са спасылкай на румынскія СМІ.

Першыя паведамленні аб забруджванні арганічным хларыдам сырой нафты з Азербайджана, якая транспартавалася па нафтаправодзе "Баку - Тбілісі - Джэйхан", з'явіліся 22 ліпеня. Аб атрыманні забруджанай нафты паведамлялі аўстрыйская энэргетычная група OMV, італьянская кампанія Eni і чэшская кампанія Orlen Unipetrol.

Аб інцыдэнце, звязаным з забруджваннем некалькіх рэзервуараў тэрмінала рэчывам, што выклікае карозію, таксама паведаміла BTC Pipeline Company – даччыная кампанія British Petroleum і аператар нафтаправода "Баку – Тбілісі – Джэйхан".

У выніку партыя азербайджанскай нафты аб'ёмам 184 тысячы тон, якая павінна была паступіць у румынскі порт Констанца, не была прынятая, што прывяло да часовага недахопу сыравіны на нафтаперапрацоўчым заводзе Petrobrazi.

Забруджванне нафты магло стаць вынікам адносна простай расейскай дыверсійнай аперацыі на 1700-кіламетровым нафтаправодзе, паведамілі крыніцы G4Media. З іх слоў, для гэтага спатрэбілася б запампаваць у нафтаправод некалькі цыстэрнаў хлору.

У панядзелак Міністэрства энэргетыкі Румыніі аб'явіла надзвычайную сітуацыю ў сферы паставак сырой нафты і дазволіла OMV атрымаць 80 тысяч тон нафты і 30 тысяч тон дызельнага паліва з рэзервовых запасаў (агульны аб'ём - 676,2 тысячы тон).

Расейскія праўладныя выданні «Маскоўскі камсамолец» і «Царград» у сераду ў нататках аб абвешчаным у Румыніі рэжыме НС прывялі каментар палітолага Вадзіма Сіпрова. Ён «выказаў сумнеў у тым, што забруджванне нафты адбылося выпадкова», і заявіў, што «ў Расеі няма рэальных рычагоў уплыву ў гэтым кірунку», а за забруджваннем могуць стаяць ЗША.

Паводле звестак аналітычнай кампаніі Kpler, з моманту першага паведамлення аб забруджванні нафты 22 ліпеня да 30 ліпеня было адгружана шэсць партый азербайджанскай нафты. 31 ліпеня BP паведаміла, што незабруджаная сырая нафта зноў пачала паступаць па нафтаправодзе "Баку-Тбілісі-Джэйхан". У ліпені па гэтым нафтаправодзе пастаўлялі 423 тысячы барэляў за дзень пры запланаваным аб'ёме ў 561 тысячу барэляў, сведчаць звесткі Kpler.

Арганічныя хларыды выкарыстоўваюцца ў нафтавай прамысловасці для павышэння нафтааддачы на радовішчах, але іх неабходна выдаляць да таго, як нафта трапіць у нафтаправоды, бо яны могуць пашкодзіць абсталяванне нафтаперапрацоўчых заводаў, пісаў Reuters.

Баку і Масква ўжо некалькі тыдняў знаходзяцца ў стане вострага дыпламатычнага супрацьстаяння. На гэтым фоне ў ноч на сераду расейскія беспілотнікі атакавалі газакампрэсарную станцыю «Арлоўка» у Адэскай вобласці. Гэта станцыя - частка маршруту, па якім пастаўляецца азербайджанскі газ ва Украіну. Расейскія праваяныя блогі і праўладныя СМІ назвалі гэта ўдарам па «азербайджанскіх палітычных і эканамічных амбіцыях».

Паводле звестак румынскіх спецслужбаў, расейскія СМІ арганізавалі кампанію ў ціктоку ў падтрымку пераможцы першага тура прэзідэнцкіх выбараў прарасейскага кандыдата Кэліна Джорджэску. Вынікі галасавання былі адменены, а Джорджаску затрыманы. Пасля гэтага Расея падтрымлівала кандыдата ў прэзідэнты Румыніі ад ультраправага «Альянсу за аб'яднанне румынаў» Джорджа Сіміёна, але ён прайграў выбары.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках