9 снежня 2025, aўторак, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчанка страціла 63 тысячы рублёў пасля аднаго званка

11
Мянчанка страціла 63 тысячы рублёў пасля аднаго званка

Ёй патэлефанавалі ад імя «Энэргазбыту».

Ашуканцы ад імя «Энэргазбыту» вымантачылі ў мянчанкі больш за 63 тысячы рублёў. Кур'ерам, які забраў грошы, была іншая ахвяра зламыснікаў. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

Паводле звестак следства, у ліпені 85-гадовай жыхарцы сталіцы патэлефанаваў невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам «энэргазбыту», і паведаміў пра неабходнасць тэрмінова замяніць лічыльнікі электраэнэргіі. Для афармлення дакументаў ён папрасіў пашпартныя звесткі, на што жанчына, давяраючы «афіцыйнаму» званку, пагадзілася. Яна сапраўды стаяла на чарзе для замены прыбораў уліку, таму размова падазрэнняў не выклікала.

«Праз час пачуўся званок у мэсэнджары — гэтым разам нібыта са Следчага камітэта. «Следчая» паведаміла, што пашпартныя звесткі паджылай жанчыны выкарыстоўвалі ашуканцы і для атрымання далейшых указанняў з ёй звяжацца банкаўскі спецыяліст. Пенсіянерку папярэдзілі, што ў яе дома будзе ператрус, падчас якога выяўленую валюту канфіскуюць. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна «задэклараваць» ашчадак - перадаць яго кур'еру для праверкі», - паведамляе СК.

Напалоханая жыхарка Менска сабрала ўвесь ашчадак, а гэта больш за 63 тысячы рублёў, і перадала канверт з грашыма жанчыне-кур'ерцы. Увесь гэты час з пацярпелай на сувязі знаходзіліся псеўдаработнікі банка. Яны ўводзілі яе ў зман, паведамляючы фальшывую інфармацыю аб спробах трэціх асоб аформіць крэдыты на яе імя. Пры гэтым зламыснікі сцвярджалі, што сітуацыя знаходзіцца пад іх поўным кантролем, ствараючы бачнасць законнасці сваіх дзеянняў.

«Толькі пасля заканчэння размовы яна ўсвядоміла, што хутчэй за ўсё стала ахвярай падману і звярнулася ў міліцыю», — адзначае СК.

Сілавікі знайшлі кур'ерку, якая забрала канверт з грашыма. Гэта была 49-гадовая жыхарка Менска, якая таксама трапілася на хітрыкі зламыснікаў.

«Падчас допыту жанчына распавяла, што выконвала ўказанні «следчага», які паведаміў, што яна стала ўдзельніцай новай злачыннай схемы і фігуруе ў крымінальнай справе. Каб пазбегнуць адказнасці ёй патрабавалася забраць канверты нібыта з дакументамі ў пацярпелых і перавезці ў Маскву. Па прыездзе ў іншы горад яе спынілі праваахоўнікі, якім яна і распавяла пра здарэнне. Для далейшага разбору мянчанка перададзеная супрацоўнікам беларускай міліцыі», - піша СК.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт.209 КК (махлярства, учыненае ў асабліва вялікай суме).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках