Украінскія памежнікі адказалі Лукашэнку
17- 11.08.2025, 16:27
- 26,622
Украіна не забудзе, што зрабіў беларускі дыктатар у лютым 2022 года.
Лукашэнка спрабуе зняць з сябе адказнасць, заяўляючы, што нібыта Расея выводзіла свае войскі пасля вучэнняў праз тэрыторыю Украіны, а не ажыццявіла ўварванне. Пра гэта ў эфіры тэлемарафону паведаміў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка, піша liga.net.
Ён назваў заяву дыктатара Беларусі «абсурднай».
Паводле ягоных слоў, так Лукашэнка спрабуе зняць з сябе тую адказнасць, якую яго дзяржава павінна несці за тое, што адкрыла сваю мяжу для расейскіх войскаў, якія ажыццявілі ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Магчыма, гэтым Лукашэнка хоча так забыцца 24 лютага 2022 года, але вядома, што ўвесь свет, і Украіна найперш, ніколі пра тое не забудзе, успамінаючы, як менавіта з Беларусі расейскія войскі таксама зайшлі на тэрыторыю нашай краіны», – сказаў Дземчанка.
Ён назваў мяжу з Беларуссю «важнай», як і з Расеяй.
«Мы разумеем, што ў кожны момант яны прыдумаюць зноў нейкую казку, якой будуць прыкрывацца, і, уласна, мы павінны нарошчваць нашы абарончыя магчымасці на мяжы з Беларуссю», - акцэнтаваў спікер.
Ён нагадаў, што па ўсёй працягласці гэта больш за 1000 км ад Валыні да Чарнігаўскай вобласці.
Дземчанка адзначыў, што цяпер змен на лініі мяжы вайскоўцы не адзначаюць. Сітуацыя застаецца кантраляванай.
У інтэрв'ю журналісту Time Сайману Шустэру, якое выйшла 8 жніўня, Лукашэнка заявіў, што нібыта не ведаў пра запланаванае ўварванне Расеі ва Украіну.