Навукоўцы заявілі, што вывелі першы беларускі гатунак вінаграду для сухога віна
12- 11.08.2025, 16:41
- 3,828
У НАН абяцаюць зрабіць Берасцейскую і Гомельскую вобласці «віннымі рэгіёнамі».
Беларускія навукоўцы вывелі ўласны гатунак вінаграду, прыдатнага для вытворчасці сухога віна. Падрабязнасці праекта раскрыў дырэктар Інстытута пладаводства НАН Беларусі Аляксандр Таранаў, піша Telegraf.news.
У рэпартажы дзяржтэлеканала "Першы інфармацыйны" Таранаў паказаў доследныя ўзоры вінаграду для тэхнічнай перапрацоўкі. Першы гатунак пад працоўнай назвай «Ларэц», з якога ў перспектыве могуць пачаць рабіць беларускае сухое віно, ужо перадалі на дзяржаўнае сортавыпрабаванне.
Паводле слоў Таранава, новы гатунак ужо добра зарэкамендаваў сябе - выдатна перажыў няпростыя варункі надвор'я вясны 2025 года з травеньскімі замаразкамі, прадэманстраваў устойлівасць да хвароб, а ўраджайнасць гатунку ва ўмовах беларускага клімату склала блізу 2-3 кг з куста.
Пры гэтым спецыяліст падкрэсліў, што беларускі вінаград, вырашчаны далёка не ў кожным рэгіёне краіны зможа дэманстраваць досыць высокую ўраджайнасць і «прадуктыўны патэнцыял», прыдатны для прамысловай вытворчасці. Найбольш перспектыўнымі «віннымі» рэгіёнамі Таранаў назваў Берасцейскую і Гомельскую вобласці.