Беларуска знайшла ў лесе пад Віцебскам «зуб д'ябла»
- 11.08.2025, 17:26
- 9,792
Як ён выглядае?
9 жніўня намесніца кіраўніка Суражскага лясгаса ў Віцебскім раёне Лілія Красоўская разам з сям'ёй падчас шпацыру ў лесе знайшла рэдкі для Беларусі грыб — «зуб д'ябла», або Гіднелум Пека. У паўночным рэгіёне краіны яго заўважылі ўпершыню, піша «СБ - Беларусь сегодня».
Грыб адразу кінуўся ў вочы праз белы капялюшык з ярка-чырвонымі кроплямі, якія ўтвараюцца ў працэсе гутацыі. Гэтыя кроплі змяшчаюць пігмент атраменцын з антыбактэрыйнымі ўласцівасцямі.
Грыб неядомы праз сваю моцную горыч, але ён не атрутны; у народнай медыцыне яго настой выкарыстоўваюць, напрыклад, пры лячэнні сінякоў.
Гіднелум Пека расце пераважна ў кіслай глебе іглічных і змешаных лясоў, часцей за ўсё ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе, значна радзей у Азіі. У Беларусі сустракаецца вельмі рэдка, таму кожная знаходка цікавіць і грыбнікоў, і навукоўцаў.
Акрамя таго, у той жа дзень сям'я ўбачыла і сфатаграфавала яшчэ адзін рэдкі экзэмпляр з характэрнай карычневай полай ножкай - каштанавы грыб. Раней ён высока шанаваўся за смакавыя якасці, асабліва ў сушаным выглядзе, а цяпер належыць да чырвонакніжных.


